Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
СЛОВА ПРА АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА, СКАЗАНАЕ
10 ЛЮТАГА 2004 ГОДА Ў МАГІЛЁЎСКАЙ
АБЛАСНОЙ БІБЛІЯТЭЦЫ ІМЯ У.І. ЛЕНІНА
Успаміны Віктара Арцем'ева
Аркадзь Куляшоў – народны паэт Беларусі, паэт усіх беларусаў. А мы, магілёўцы, лічым яго найперш нашым, бо нарадзіўся ён у нашым родным кутку, на Бесядзі, у вёсцы Саматэвічы Касцюковіцкага раёна. Там, у Касцюковічах, і літаратурна-краязнаўчы музей яго імя.
Там жа ў 1978 годзе па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле паэта Пысіна праведзены першыя Куляшоўскія літаратурныя чытанні. Яны цяпер ладзяцца штогод з удзелам мінскіх пісьменнікаў і літаратараў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, які носіць яго слаўнае імя.
Гэта ўсё правільна і вельмі добра. Але ж вядома, што ў Саматэвічах прайшло толькі дзяцінства і крыху юнацтва Аркадзя, а да вайны і пасля яе паэт пісаў свае творы на зямлі хоцімскай: у вёсках Альшоў, Елавец і ў самім Хоцімску, дзе бацькі яго пражылі большую палову свайго жыцця. Вось і сёння, чую толькі пра Саматэвічы, а пра Хоцімск – мімаходзь.
У Саматэвічах Аркадзь Куляшоў нарадзіўся, рос, у школе вучыўся, а творы свае, вядомыя потым усім, пісаў на хоцімскай зямлі. Хачу, каб прысутныя тут даведаліся пра гэта.
Мой сябра-пабрацім, хоцімскі краязнаўца-падзвіжнік Міхась Ласоўскі, калі дазнаўся пра сённяшні вечар, пашкадаваў, што не мае магчымасці прыняць у ім удзел. Ён папрасіў мяне агучыць, хаця б збольшага, свой успамін пра Куляшова. Маці паэта Кацярына Фамінічна Ратабыльская ў Альшоўскай школе вучыла будучую жонку краязнаўцы Галіну Паўлаўну. А пазней, калі працаваў у Трасцінскай сельскай бібліятэцы, ён з мэтай збору краязнаўчых звестак заходзіў у дом Куляшовых у Хоцімску і гутарыў з бацькамі паэта. А яшчэ Міхась Аляксеевіч шэраг гадоў вёў перапіску з землякамі-пісьменнікамі. Ды і ў Трасціно да яго прыязджалі Аляксей Пысін, Іван Чыгрынаў, Віктар Карамазаў, Пятро Прыходзька і іншыя. Нават сам Аркадзь Куляшоў.
«Яшчэ ў 1968 годзе, – піша Ласоўскі, – пад уплывам асалоды крынічна-празрыстай народнай паэзіі, народных звычаяў, вясельных і заручальных песень, якія аксамітам рассыпаны ў рамантычна-ўзнёслай паэме-песні «У зялёнай дуброве», я звярнуўся з лістом да паэта, каб адказаў, ці не на Хоцімшчыне яна была створана і якія яшчэ творы былі напісаны на хоцімскай зямлі?»
Неўзабаве прыйшоў у Трасціно шчыры ліст ад паэта Куляшова такога зместу:
«Паважаны т. Ласоўскі! Пасылаючы Трасцінскай бібліятэцы чатырохтомнік, хачу коратка і сціпла адказаць на некаторыя вашы пытанні да мяне.
1. Мая маці працавала ў Хоцімскім раёне з 1927 года ў Юзафоўскай, Альшоўскай і Елавецкай школах. Я прыязджаў да яе на летнія канікулы ў Альшоў і Елавец. Якія гэта былі гады, я ўжо дакладна не памятаю. Ва ўсякім разе трыццатыя.
2. У Елаўцах, дзе я адпачываў з сям’ёй у 1938 і 1939 гадах (летам), мною была напісана паэма «У зялёнай дуброве» і некаторыя вершы з цыкла «Юнацкі свет», у прыватнасці, «Бюро даведак». Там жа задуманы былі і напісаны ўжо ў Мінску «Магілёўская хмарка», «Мая Бесядзь», «На сотай вярсце», «Глушцы», «Плыла, цалавалася хмара з зямлёй…», «Добры чалавек» і іншыя.
3. У 1940 годзе ў Хоцімску (у будцы на сядзібе бацькоў) напісана паэма «Хлопцы апошняй вайны» (здаецца, май-чэрвень месяцы).
4. У той жа будцы, але ўжо ў 1950 годзе, напісана паэма «Толькі ўперад».
Як бачыце, творчыя сувязі мае з Хоцімшчынай не такія ўжо малыя, і я ўдзячны сваёй роднай зямлі і яе людзям, якія і да гэтага часу з’яўляюцца светлай крыніцай майго сэрца і памяці.
З павагай да Вас і нізкім паклонам да чытачоў. Арк. Куляшоў.
11.07.68 г., г. Мінск».
Міхась Ласоўскі нагадаў яшчэ адзін успамін пра Куляшова. Ён з запісных кніжак Аляксея Зарыцкага, таксама паэта з Хоцімска, які летам 1938 года разам з Аркадзем Куляшовым жыў у Елаўцы: «Раніцай Аркадзь ішоў да завітастай Альшоўкі і выбіраў месца, каб і лес быў побач. На прырэчным узлеску, у зацішку, ён рассцілаў коўдру, узбройваўся алоўкам і паперай і браўся за працу. І ў гэтым аграмадным кабінеце, прыкрытым толькі «сінім дахам неба», Куляшоў пад спеў жаваранкаў, стракатанне конікаў і прарэзлівы крык кнігавак працаваў надта плённа». Аркадзю Куляшову, відаць па ўсім, Елавец запомніўся на ўсё жыццё. Калі аднаго разу ў яго спыталі: «Што такое натхненне? Як і калі яно прыходзіць да паэта?» – даў такі адказ: «Аднойчы я ішоў у Елавец да сваіх бацькоў. Гэта было на світанні. Яшчэ жоўтае святло месяца залівала жытнёвае поле, а ад рэчкі слаўся перадранішні туман. Не прыпомню зараз ужо, аб чым тады думаў, але раптам адчуў, паверыў, што ўсё здзейсню ў жыцці, усё, што хачу, што задумаў. І гэта была такая лёгкая, расхінаючая душу і імклівая, нібыта прыўзнімаючая ад зямлі ўпэўненасць, што, магчыма, гэта і было натхненне?»
І ў заключэнне хоцімскі краязнаўца згадаў тую сустрэчу з паэтам, якая паказана ў дакументальным фільме «Край крынічны». Гэта калі Аркадзь Аляксандравіч 3 ліпеня 1972 года наведаў Трасцінскую бібліятэку. Ён цёпла пагутарыў з бібліятэкарам і чытачамі, азнаёміўся з краязнаўчай працай бібліятэкі і даў ёй станоўчую і высокую адзнаку.
Міхась Ласоўскі яшчэ і па тэлефоне пазваніў. Ён прасіў мяне перадаць магілёўцам ад усіх трасцінцаў, што яны вельмі любяць Куляшова і яго паэзію: «Творы Куляшова для многіх з нас – гэта надзённы хлеб, чысты крынічны струмень. Радкі яго паэзіі адчуваеш у сэрцы, як сцежку пад нагамі, як неба над сабою».
Я далучаюся да гэтых шчырых, ідучых ад сэрца і душы слоў, блізкіх мне трасцінцаў, бо Аркадзь Куляшоў і мой любімы паэт.