Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
ПЕРАД РАССТАННЕМ
Успаміны Аляксандра Капусціна
1989 ....................................
Па волі лёсу здарылася так, што я пабачыўся з ім у апошнія гадзіны яго жыцця.
Першы раз там, у санаторыі «Нясвіж», мы сустрэліся з Аркадзем Куляшовым у канцы студзеня – у дзень майго прыезду ў санаторый. К таму часу ён ужо адпачываў там тыдні два. Усе з нашай групы, хто ведаў яго асабіста, радасна павіталіся з ім. Кароткія поціскі рук, шчырыя стрыманыя ўсмешкі, скупыя ветлівыя пытанні: «Як жывецца, як адпачываецца?» I такія ж ветлівыя, даверлівыя адказы: «Усё добра, адпачываецца хораша».
Потым мы сустракаліся з ім штодня як мінімум тры разы: за снеданнем, абедам і вячэрай. Харчаваліся за суседнімі сталамі, сядзелі адзін насупраць аднаго. Заўсёды я бачыў Аркадзя Аляксандравіча такім, якім ён быў усім нам добра знаёмы: не вельмі гаваркім, стрыманым, але не замкнутым. За сталом ён, слухаючы нязмушаныя гутаркі сваіх суседзяў, натуральна проста і лёгка ўключаўся ў іх – і дзяліўся думкамі наконт сур’ёзных надзённых праблем, і тактоўна, дасціпна жартаваў.
У апошні свой дзень, у пятніцу трэцяга лютага, Аркадзь Аляксандравіч быў, можна сказаць, у бадзёрым настроі. Я зразумеў гэта (а яшчэ – я зноў пераканаўся тады, як глыбока разумеюць і любяць людзі паэзію Аркадзя Куляшова), калі мы абедзенным часам сышліся за сталамі.
Мая суседка, настаўніца з Мінска, папрасіла ў мяне ручку, каб запісаць у меню заказ страў, якія яна выбрала сабе на наступныя дні. Я адказаў ёй, што ручкі пры сабе цяпер якраз не маю – засталася ў кішэні ў пінжаку. Параіў, каб папрасіла ў Куляшова.
– У якога Куляшова, – страпянулася яна, – у паэта?
– Ну так, у Аркадзя Аляксандравіча.
– А дзе ён? – вочы яе сталі вялікія-вялікія.
– Як дзе? Вунь за вамі, за суседнім сталом сядзіць.
Яна тузанулася, каб азірнуцца, але ў апошні міг стрымалася – нельга ж так бесцырымонна, трэба спакваля, неўпрыкмет. Крыху нагнулася над сталом, каб быць бліжэй да мяне, прыцішаным голасам, у якім чулася нейкая таямнічасць, сказала:
– Той ручкай, якой ён піша свае вершы і паэмы, запаўняць меню? Гэта неверагодна.
– Дык ён жа вунь сам ёю запаўняе, – адказаў я і жартам дадаў: – Не, для вершаў і паэм у яго, відаць, ёсць другая, асобая.
Жанчына доўга, можа, цэлую мінуту сядзела моўчкі, потым у роздуме прагаварыла: «Другая, асобая».
Падобна было, што тады яна нікога перад сабою не бачыла, вочы яе пазіралі кудысьці далёка-далёка. Раптам яна рэзка павярнулася.
– У вас можна ручку папрасіць? – сказала. I збянтэжана растлумачыла: – Заказ трэба зрабіць, ды от запісаць няма чым.
– Можна, чаму ж – не, – ахвотна адказаў Аркадзь Аляксандравіч. – А ў яго што, таксама няма? – лёгкім кіўком галавы паказаў ён на мяне.
– У пінжаку, кажа, у пакоі засталася.
– У яго ж ручка заўсёды павінна быць з сабою. – Вочы Аркадзя Аляксандравіча ўсміхаліся.
У позірку жанчыны, які яна кінула на мяне, было недаўменне: чаму абавязкова – з сабою? Што тут маецца на ўвазе?.. Куляшоў, відаць, таксама заўважыў гэта, бо далей усё з той жа мяккай, ціхай усмешкай у вачах сказаў:
– Хай сам раскажа вам – чаму.
Ён, як зразумеў я, меў на ўвазе маё журналісцкае становішча: самапіска – пастаянны спадарожнік газетчыка, яго нязменная зброя.
Жанчына, аддаючы Аркадзю Аляксандравічу ручку, падзякавала і, рассмеліўшыся, ці то жартам, ці сапраўды сур’ёзна сказала:
– Тую б яшчэ патрымаць у руках, асобую.
– Якую – асобую? – Ён пакруціў ручку ў пальцах.
– Якою вы свае вершы і паэмы пішаце.
На гэты раз Аркадзь Аляксандравіч усміхнуўся шырока, усім тварам.
– Яе няма ў мяне з сабою, – сказаўшы гэта, ён колькі секунд маўчаў, як бы вагаўся, гаварыць далей ці не. Загаварыў ранейшым голасам, жартаўліва і весела: – Ды і не ведаю, дзе я паклаў яе, дзе яе цяпер шукаць. – Усмешка ўтрымалася на твары, а вочы яго не ўсміхаліся ўжо. Іх, падалося мне, затуманілі скруха і смутак. Але былі яны такімі нядоўга, неўзабаве зноў пасвятлелі.
У час вячэры за іхнім сталом было асабліва ажыўлена. Як гэта нярэдка бывае, ні з чаго завязалася гарачая гаворка пра моладзь. Выказваліся розныя думкі. Адзін сцвярджаў, што цяперашнія юнакі і дзяўчаты празмерна бэсцяцца, не дужа дбаюць пра тое, каб жыць для грамадства, а часцей аддаюцца легкадумным пустым забавам; другі – што, наадварот, цяпер яны робяць значна больш, чым іхнія равеснікі трыццаць – сорак гадоў таму назад, бо ведаюць больш. Раптам усе ў адзін момант, як згаварыўшыся, сціхлі, паглядзелі на Куляшова: а якая яго думка?
Аркадзь Аляксандравіч трошачкі прыжмурыўся, як бы ўспамінаў нешта. Загаварыў у роздуме, крыху глухаватым голасам. Сказаў, што за моладзь нашу, калі браць па вялікім рахунку, гавораць справы і розуму, і рук яе, усім нам бачныя. Але вельмі нашкодзім мы сабе, калі будзем адно што захапляцца поспехамі і дасягненнямі. Правільна, моладзь наша тэхнічна пісьменная і шырока, усебакова адукаваная. Аднак старэйшым людзям належыць пільна дбаць і клапаціцца, каб яна была таксама духоўна багатая, ідэалагічна і палітычна сталая.