top of page

ЖЫЦЦЁ

УСПАМІНЫ ПРА КУЛЯШОВА

БЛУКАЮЧЫ ПА СЦЕЖКАХ МІНУЛАГА
Успаміны Максіма Танка
 

1979 .........................

Ніколі не думаеш, што некалі з блізкімі табе людзьмі ты можаш расстацца, што будзеш пісаць пра іх успаміны. I таму расстанне з імі заўсёды застае цябе непадрыхтаваным, разгубленым. Не ведаеш, з чаго пачаць, і дакараеш сябе за тое, што многія цікавыя сустрэчы з імі ты прапусціў, адклаў на пазней, спадзеючыся, што кожнаму з нас яшчэ шмат часу ў запасе.

Так у мяне атрымалася з Аркадзем Куляшовым.

Многія мае сябры з ім былі знаёмы з юнацкіх год. Я ж з Аркадзем Аляксандравічам пазнаёміўся толькі ў 1939 г., пасля вызвалення Заходняй Беларусі, калі ў складзе дэлегацыі Віленскай вобласці прыехаў у Мінск на святкаванне юбілею Кастрычніцкай рэвалюцыі. Праўда, творы А. Куляшова я ўжо чытаў раней. Чытаў у газеце «Літаратура і мастацтва», у часопісе «Полымя», якія часамі траплялі ў мае рукі, дзякуючы знаёмству з некаторымі супрацоўнікамі віленскай бібліятэкі імя Урублеўскіх, дзе быў багаты аддзел савецікі.

Вершы Аркадзя Куляшова неяк адразу захапілі мяне сваёй самабытнай музыкай, насычанасцю глыбокім зместам, натуральнасцю і жывой, пругкай пульсацыяй кожнага радка, што ўласціва толькі сапраўднаму таленту і майстру высокай культуры. I я, сустрэўшыся з Аркадзем Куляшовым, быў рады, што гэта маё ўражанне ад яго паэзіі папоўнілася не менш абаяльным уражаннем аб ім як чалавеку – простым і сардэчным, – дружыць з якім было цікава, а пачуццё пляча якога і ў творчых пошуках і ў штодзённым жыцці многім памагала і многіх акрыляла.

Перад вайной у нас з Аркадзем Куляшовым было ўсяго некалькі выпадковых сустрэч у Мінску, у Доме пісьменнікаў. Звычайна, калі ўспамінаюць пра сустрэчы пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, пішуць, што яны толькі і гаварылі пра літаратуру, мастацтва, музыку. Якраз мы менш за ўсё гаварылі аб літаратуры. Аркадзя Куляшова больш за ўсё цікавіла жыццё былой Заходняй Беларусі, умовы, у якіх даводзілася там працаваць у падполлі, біяграфіі такіх людзей, як С. Прытыцкі, В. Харужая, М. Дворнікаў… Магчыма, ужо ў той час у яго праразалася думка нешта напісаць на гэтую тэму, якую ён потым узняў і ў сцэнарыі «Чырвонае лісце», напісаным разам з А. Кучарам, і ў паэме «Грозная пушча».

Пасля кожнай такой гаворкі ён заўсёды напамінаў мне, каб я напісаў аб сваім перажытым, аб сваіх сябрах. Прызнацца, мяне больш тады захапляла і цікавіла наша новая рэчаіснасць, хвалявала, як яе лепш адлюстраваць у сваіх творах, а да перажытага, думаў, яшчэ будзе час вярнуцца.

Аднойчы, прыйшоўшы ў рэдакцыю «Віленскай праўды», у якой я тады працаваў, застаў на стале нумар газеты «Літаратура і мастацтва», дзе быў надрукаваны артыкул пра мяне, напісаны Аркадзем Куляшовым. Я здзівіўся і ўзрадаваўся: на той час амаль ні пра каго яшчэ з заходнебеларускіх пісьменнікаў ніхто не пісаў з такім глыбокім роздумам і аналізам іх творчасці, як гэта было зроблена ў куляшоўскім артыкуле.

Хутка мне пашчасціла зноў сустрэцца з Аркадзем Куляшовым. Гэта было на вечары ў Саюзе пісьменнікаў, дзе ён чытаў сваю новую паэму «Хлопцы апошняй вайны», якая зрабіла вялікае ўражанне, пра што, абмяркоўваючы паэму, усе мы тады гаварылі. Аркадзь Куляшоў быў паэтам, які меў што сказаць і ўмеў як сказаць. Дзякуючы сваей глыбокай інтуіцыі, ён бачыў надыходзячую навальніцу і верыў у перамогу народжанага рэвалюцыяй новага свету над старым. Можа, не ўсе падзеі супалі з уяўленнем паэта, бо вайна аказалася такой цяжкаю, якой яе ніхто не мог прадбачыць. Але паэма была набатным звонам, абуджаючым нашу пільнасць. I чытаў ён яе выдатна. Не многія з паэтаў валодаюць такім дарам, якім валодаў Аркадзь Куляшоў. Ён без ніякай, разлічанай на эфект тэатральнай позы, проста і пранікнёна даносіў да слухачоў кожнае слова, раскрываючы яго глыбокі змест і падтэкст, гучанне і хараство. У гэтым я не раз змог пераканацца, слухаючы яго і ў цесным кругу сяброў, і на розных літаратурных вечарах перад шматлікімі аўдыторыямі.

Першыя подыхі лютай навальніцы засталі ўсіх нас на розных –блізкіх і далёкіх – палаючых дарогах вайны. Таму толькі праз нейкі час стала вядома, што ўдалося эвакуіравацца, што засталіся жывыя Янка Купала, Якуб Колас, што пры групе работнікаў ЦК КП Беларусі знаходзяцца Кузьма Чорны, Цімох Крысько, Міхась Машара, што дзесьці ў ваеннай газеце працуе Аркадзь Куляшоў, што пад Бранскам у франтавой рэдакцыі працуюць Міхась Лынькоў, Кандрат Крапіва, Пятро Глебка, Ілья Гурскі, Пімен Панчанка, Алесь Стаховіч, да якіх хутка па нашай просьбе Галоўнае ўпраўленне арміі накіравала Петруся Броўку, Алеся Кучара і мяне. Праз Саюз пісьменнікаў СССР, які ў час вайны быў нашым галоўным адрасным сталом, наладзілася перапіска, а пад канец 1942 года мы і самі нават сустрэліся з Аркадзем Куляшовым у Маскве. Я яму тады чытаў сваю паэму «Янук Сяліба», а ён мне – «Сцяг брыгады», рэч, якая, як вядома, адразу заваявала ўсенароднае прызнанне і сёння належыць да самых выдатных твораў аб Вялікай Айчыннай вайне. Я некалькі разоў чуў, як Аркадзь чытаў яе Аляксандру Твардоўскаму, які назваў «Сцяг брыгады» «сапраўднай народнай паэмай», а таксама Міхасю Лынькову, Пімену Панчанку, Юрыю Путраманту, і кожны раз я сам захапляўся яе глыбокай ідэйнасцю, суровым эпічным зместам, задушэўнай лірыкай, яркім нацыянальным каларытам і гучаннем.

У гады Вялікай Айчыннай вайны мы часта сустракаліся з Аркадзем у Маскве, куды ён прыязджаў па розных літаратурных і рэдакцыйных камандзіроўках. Аднойчы, помню, П.К. Панамарэнка, які ўзначальваў Цэнтральны штаб партызанскага руху, запрасіў групу беларускіх пісьменнікаў у ЦК. Ён расказаў нам аб гераічнай барацьбе беларускага народа супраць фашысцкіх захопнікаў і пацікавіўся нашымі пісьменніцкімі справамі, аб якіх яго праінфармаваў Міхась Лынькоў. Аб подзвігах народных мсціўцаў мы і раней шмат чулі і чыталі ў баявых зводках, але расказ П.К. Панамарэнкі быў такі яркі, цікавы, насычаны жывымі фактамі, падзеямі, эпізодамі і біяграфіямі герояў-партызан, што кожны з нас да глыбіні душы быў узрушаны і акрылены. Развітваючыся, П.К. Панамарэнка выказаў думку – маўляў, ці не ўзяліся б мы з Аркадзем напісаць сцэнарый на гэтую тэму?

Часу на сцэнарый нам было выдзелена якраз па ваеннай норме – усяго месяц. Ды і то першыя два тыдні мы ніяк не змаглі прыступіць да работы: то нешта перашкаджала, не клеілася, то доўга не маглі спыніцца на тэме. Затое потым, калі завязаны быў сюжэт, за нейкія дзесяць дзён мы закончылі работу. Аркадзь паехаў у франтавую рэдакцыю, куды яго выклікалі тэлеграмай, пакінуў мне свой адрас, каб я яму паведаміў аб далейшым лёсе нашага сцэнарыя, які называўся «Песня пра Мартына». А лёс яго сустрэў звычайны: здалі ў архіў, хоць сцэнарый, у чым мы з Аркадзем былі перакананы, атрымаўся цікавы і паэтычны. Асноўным яго недахопам было тое, што ён не адлюстраваў усёй неабдымнай партызанскай эпапеі, а быў толькі адным з яе эпізодаў, і прытым не ў дакументальнай, а ў літаратурнай інтэрпрэтацыі.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page