top of page

ЖЫЦЦЁ

УСПАМІНЫ ПРА КУЛЯШОВА

ВЕЧНЫ ПАДАРОЖНЫ

Успаміны Сяргея Грахоўскага

1986 ......................................

А як не будзе гэтага пасля ?

А. Куляшоў

 

Трывалей за ўсё застаюцца першая і апошняя сустрэча. Калі часта бачымся з нашымі сучаснікамі, пазначанымі вялікім талентам, амаль ніколі не думаем, што яны і цяпер належаць будучыні. А праз гады пачнем успамінаць кожную рысачку, кожнае слова, у самым звычайным шукаць глыбокі сэнс, і многае не збярэм з таго, што страчана назаўсёды.

У век такіх шырокіх тэхнічных магчымасцей мы да крыўднага мала ствараем кінематаграфічных і фанаграфічных дакументаў пра нашых славутых пісьменнікаў. Толькі некалькі недасканалых фрагментаў на кароткае імгненне ўзнаўляюць вобразы Купалы і Коласа, а Бядулю, Гартнага, Чорнага, Галавача, Самуйлёнка, Зарэцкага, Чарота ніхто ніколі не ўбачыць на экране, не пачуе іх галасы. Нават пасля нашых самых блізкіх сучаснікаў: Лынькова, Куляшова, Мележа, Пестрака, Астрэйкі, Бялевіча, Лось, Карпава, Хадкевіча, Маўзона, Сабаленкі, непаўторнага Дубоўкі – вельмі мала, а то і зусім нічога не засталося ў фондах нашых фільматэк і фанатэк.

Застаецца адзінае – памяць. А яна недасканалая, хісткая і вельмі ж суб’ектыўная. Вось і трэба спяшацца, каб і яна не згасла, каб час назаўсёды не сцёр вобразы выдатных пісьменнікаў, мастакоў, артыстаў, музыкантаў.

У мяне каторы ўжо час ніяк не праходзіць самы пякучы і няўцешны боль – нечаканая і недарэчная страта Аркадзя Куляшова. Мы яшчэ не ўсе і не поўнасцю ўсвядомілі і адчулі, каго мы страцілі ў яго асобе.

Я зноў і зноў перачытваю яго кнігі, імкнуся дайсці да глыбіняў яго паэтычнай мудрасці, спасцігнуць вышыні яго майстэрства, сілу і веліч духу.

Не веру я ў той вечны дом, мой шлях!

Я падарожны, як і ўсе, бясспрэчна,

Хай немагчыма, але вечна, вечна

Быць я хацеў бы у цябе ў гасцях.

 

Я знаю, каб памёршыя знайшлі

Зваротную дарогу ў свет зялёпы,

То адбівалі б толькі ёй паклоны,

Маліліся б шляхам сваёй зямлі.

Цытую першае, што трапіла на вочы. Чытаю, перачытваю і думаю, адкуль узялася такая глыбіня і сіла, такая шырыня перакананняў, такая чыстая і звонкая паэзія ў кожным вершы, у кожнай паэме.

А паэт Куляшоў пачынаўся на маёй памяці. Першыя вершы, як тады было модна, падпісваў псеўданімам. Аднойчы рэдактар колішняга часопіса «Малады араты» параіў юнаму паэту наогул пакінуць пісаць вершы. Імя таго рэдактара даўно і назаўсёды забылася, а паэмы і вершы Аркадзя Куляшова сталі здабыткам еўрапейскай паэзіі. Пройдуць гады, а яны будуць хваляваць, радаваць і непакоіць мільёны сэрцаў. Куляшоў ужо «Сцягам брыгады» стаў у шэраг класікаў савецкай літаратуры, быў эталонам патрабавальнасці, пісьменніцкага сумлення, узняўся да вышэйшай адзнакі на шкале якасці паэзіі.

Мы з ім не былі блізкімі сябрамі, але ведалі адзін аднаго больш за паўстагоддзе. З 1927 года я завочна перапісваўся з Юліем Таўбіным і Змітраком Астапенкам. Праз некаторы час яны мне паведамілі, што Мсціслаўская літаратурная сям’я напоўнілася здольным маладым паэтам: з Самацеевіч прыехаў і паступіў у педтэхнікум Аркадзь Куляшоў. Мы з ім абмяняліся некалькімі лістамі, але перапіска не завязалася. Часцей пра яго поспехі пісаў мне Юлі Таўбін.

Увесну 1930 года я прыехаў у Мінск, зайшоў у шэра-зялёны дом на Савецкай вуліцы, каб паглядзець на жывых пісьменнікаў. Неўзабаве ў вестыбюль (а дакладней – сенцы) пісьменніцкага дома імкліва ўбег невысокі, у ладным карычневым гарнітуры і капелюшы, у гальштуку, а міндаліны цёмных вачэй нечым нагадвалі Пастарнака, Юлі Таўбін. Я адразу яго пазнаў па здымках. Калі сказаў пра сябе, ён горача павітаўся, але ўсё ж пазіраў на малодшага за сябе хлапчука з бабруйскага дрэваапрацоўчага камбіната з узгорка сваёй славы: ён шмат друкаваўся і выдаў першую кніжку «Агні».

Пасля звычайных роспытаў азірнуўся і сказаў, што зараз павінны прыйсці «Аркаша і Міця». Ён тады разам з Астапенкам і Куляшовым жыў у прыватным пакойчыку на вуліцы Розы Люксембург. Тры мсціслаўцы былі амаль неразлучныя. У тыя гады вуліца Люксембург была своеасаблівым беларускім Парнасам: там кватаравалі Пятро Глебка, Таўбін, Астапенка, Куляшоў, Сяргей Дарожны, Віктар Казлоўскі, Лужанін і цэлая чарада маладзейшых паэтаў наймала пакойчыкі і катушкі ў мінскіх чыгуначнікаў і рамеснікаў за пераездам.

Не паспелі мы з Таўбіным перакінуцца некалькімі словамі, як увайшоў высокі, з прыкметнымі азіяцкімі рысамі твару, шчыгульна апрануты Змітрок Астапенка і невялічкага росту, амаль хлопчык (ды і было яму тады ўсяго 16 гадоў), у злінялым рудзенькім палітончыку і ў кубанцы з цыратовым верхам, светленькі, з пульхнаю верхняю губою Аркадзь Куляшоў.

Стаяць пасярод калідора было нязручна, і мы зайшлі ў пустую залу, застаўленую клубнымі крэсламі.

Сонца біла ў вокны. У кашлатым палітоне і кубанцы Куляшову, відаць, было горача. Я звярнуў увагу на яго тонкія, пажоўклыя ад тытуню пальцы. Ён спрытна скручваў цыгарку і прагна зацягваўся махорачным дымам. Мае даўнія знаёмыя, якіх я бачыў упершыню, распытвалі, хто пасля пераезду ў Мінск Лынькова і Мікуліча яшчэ з літаратараў застаўся ў Бабруйску. Куляшова асабліва цікавіў Аляксей Зарыцкі. Я расказваў, што мы разам працуем у беладрэўным цэху дрэваапрацоўчага камбіната, часта бачымся на сходах белаппаўскай філіі, часам ён прыходзіць у наш «літаратурны інтэрнат» (жылі мы, чатыры пачынаючых пісьменнікі, у адной кватэры на Мінскай вуліцы), а ў часе абедзенных перапынкаў я забягаю да Зарыцкага ў сушылку. Там заўсёды цёпла і ўтульна, а галоўнае – можна пагартаць свежыя зборнікі Багрыцкага, Сяльвінскага, Лугаўскога, Ціханава, паслухаць новыя вершы матарыста, дасведчанага, хоць і крышку скептычнага Лёшы Зарыцкага.

Юны Куляшоў вылучаў яго з бабруйскіх паэтаў тае пары. Яму імпанавалі рамантыка і натуральнасць эпічнай плыні паэзіі Зарыцкага.

Тады ж Аркадзь Куляшоў падарыў мне сваю першую кніжку «Росквіт зямлі». Пісалася яна трынаццаці-чатырнаццацігадовым падлеткам.

У асобе Куляшова і тады праглядалася вялікая будучыня выдатнага паэта. Яго хваляваў лёс Зямлі, Чалавецтва, інтуітыўна ён прадчуваў недалёкую будучыню касмічнай эры. А яго бліжэйшы друг Змітрок Астапенка ў пачатку 30-х гадоў надрукаваў раман «Вызваленне сіл» аб атамнай энергіі, пра якую тады яшчэ ніхто і не чуў. Непадзельнай часцінкай матэрыі лічылася малекула, а вось малады беларускі паэт прадбачыў новыя гарызонты айчыннай навукі. Шкада, што да гэтага часу раман Астапенкі не даследаваны і не перавыдадзены. Ён быў бы цікавы не толькі для гісторыкаў літаратуры, але і для аматараў фантастыкі. Але я, здаецца, крыху збочыў.

У трыццатыя гады сходы камсамольскай ячэйкі пры Доме пісьменнікаў хутчэй былі гарачымі дыспутамі і творчымі спрэчкамі. Абмяркоўвалі новыя аповесці Барыса Мікуліча «Наша сонца» і «Ускраіна», паэму Таўбіна «Таўрыда», вершы Сцяпана Ліхадзіеўскага. А. Куляшоў на гэтых імпэтных сходах часцей маўчаў, скептычна пасміхаўся з літаратурнай мітусні і «глыбакадумнага» шумавіння. Бывала, адна яго рэпліка абяззбройвала самых заўзятых крытыкаў, супакойвала страсці. Ён не гаварыў, а ўпарта працаваў. Адна за другою выходзілі яго кнігі «Па песню, па сонца!..», «Медзі дождж», паэмы «Аманал» і «Гарбун». У іх гучалі непрывычныя рытмы, бушавалі класавыя баі, рушыліся апошнія кулацкія засценкі. Малады паэт шукаў сябе, імкнуўся быць адметным, не падобным на літаратурнае разводдзе, што захліснула газеты і часопісы трыццатых гадоў. Пра васемнаццацігадовага Куляшова шмат гаварылі, спрачаліся пра яго паэмы, пісалі грунтоўныя даследаванні. Яго «Аманал» у спецыяльным артыкуле аналізаваў сам Якуб Колас. Такі гонар выпадае не многім.

* * *

Шмат прайшло гадоў, радасцей і пакут, вайна і вялікія страты сяброў праклалі глыбокія сляды ў нашых сэрцах і памяці. Былі сустрэчы і развітанні, але адна сустрэча запомнілася асабліва.

Імглістым, туманным красавіком 1975 года я прыехаў далечвацца ў Нясвіжскі санаторый. У сталоўцы сустрэў Куляшова. Ён падсеў да мяне, распытаў пра мінскія навіны, сказаў, што працуе над паэмай пра Каліноўскага. Для маіх суседзяў было навіною, што побач з імі жыве славуты паэт, аўтар з маленства любімых вершаў і паэм. А ён звычайна прыходзіў у сталоўку раней, хуценька абедаў і непрыкметна знікаў у свой пакой над брамаю колішняга радзівілаўскага палаца.

Я шмат гуляў па замчышчы, па парку, а вось яго ніяк не ўдавалася выцягнуць на праходку.

«Працую, браце, працую. Няма часу», – быў адзіны адказ. Вартаўнікі санаторыя расказвалі, што ў вокнах над брамаю да раніцы гарыць святло. Я спрабаваў ушчуваць Аркадзя, што так ірвацца нельга. Ён спасылаўся на бяссонне і захопленасць работаю: «Разумееш, не магу адарвацца. Так даўно не пісалася. Вось пастаўлю апошнюю кропку, пачытаеш».

Мы сустракаліся кожны дзень, часам заходзілі ў пусты пакой адпачынку, успаміналі сваё юнацтва, нашых таварышаў па камсамольскай ячэйцы, многа гаварылі пра Таўбіна і Астапенку, пра іх трагічны лёс, пра гераічную і загадкавую гібель Змітрака Астапенкі ў варожым тыле.

Праз некалькі дзён Аркадзь Аляксандравіч запрасіў да сябе.

У першым пакоі яго надбрамнай «галубятні» стол і канапа завалены выданнямі канца мінулага і пачатку нашага стагоддзя, даведнікамі, выпіскамі, перакрэсленымі рукапісамі, стосікамі машынапісных старонак. Пакой пракураны так, што ў ім цяжка дыхаць. Я пачаў «павучаць» Аркадзя, што пры яго здароўі так смаліць проста самагубства. Ён апраўдваўся:

– Вось дванаццаць гадоў не курыў і пісалася марудна і цяжка, а ўзяўся за паэму «Далёка да акіяна», спачатку пайшло, а потым раптам заела. Дай, думаю, зацягнуся. Закурыў, і што ты думаеш? Пайшло. Так зноў і ўцягнуўся. Вось давяду гэтую рэч да ладу і пастараюся кінуць зусім.

Ён паклаў перада мною ладны стос старонак:

– Ты – першы чытач. Я яшчэ і сам усё запар не прачытаў. Не ведаю, што выйшла. Пісаў, перадрукоўваў раздзелы і складаў да купы. Тры гады жыву з Каліноўскім. Гавару з ім, спрачаюся, пераконваю яго і сябе. Перавярнуў горы літаратуры. Вось Масалоў – пратаколы допытаў, і ўся справа тут. У адным перакананы: Каліноўскі быў інтэрнацыяналіст. Яму аднолькава былі блізкія беларусы і палякі, руская бедната і літоўцы. Пачытаеш, сам пабачыш. Кажы толькі ўсё, што думаеш. А каб не ўчадзеў, ідзі ў той пакой. Там не куру.

Я сеў каля таршэра, рукапіс паклаў на начны столік. Перш за ўсё здзівіла назва – «Хамуціус». Уступ «З ліста Юрася Старжыцкага» пацягнуў, як у вір, захапіў напружаным рытмам, чаканкаю радка, дакладнасцю кожнага слова, натуральнасцю інтанацый:

Мой родны брат! Я пакідаю свет.

Пішу табе не ліст, а запавет...

Узняўшы бунт, народу-жабраку

Мы камень падалі, а не руку.

Мы гінем ад таго, што абяцалі

Зямлю яму, а не далі ні цалі.

Калі затрубіць новай бітвы рог,

Паўстанец пакладзе на твой парог

Мой запавет...

З першых старонак падхапіла плыпь натуральнага вобразнага дыялогу Гелены Ямант і Рагнеды Старжыцкай. Ніякіх нацяжак, ніякіх інверсій, намаганняў і, як кажуць, «поту» аўтара я не заўважыў. Перад вачыма паўставалі жывыя людзі, з адметнымі характарамі, са сваімі пакутамі і страсцямі. У стылі драматычнай паэмы, нават у рэмарках адчувалася сіла шэкспіраўскіх трагедый.

Скляпенні старога радзівілаўскага палаца яшчэ больш узмацнялі ўражанне даўніны, мне чуліся галасы Каліноўскага і Марысі, Урублеўскага і Старжыцкага, уразіў сваёй нечаканасцю вобраз Канстанціна Крупскага, а дыялог натуральнай дакладнасцю і віртуознасцю верша захапіў так, што аж не верылася, што многія раздзелы гэтай мужнай і мудрай сімфоніі створаны ў суседнім пакоі даўно знаёмым, у побыце на першы погляд будзённым, пакамечаным вайною, падсечаным інфарктам Аркадзем Куляшовым. Здавалася, пісала гэта рука чарадзея волатаўскай сілы. Яно так і было.

Не заўважыў, як прачытаў 130 машынапісных старонак. Вяртаўся зноў да асобных раздзелаў, маналогаў і афарыстычных рэплік, некалькі разоў перачытваў заключныя радкі:

Ты смела ўзыдзеш на круты памост

I станеш перад смерцю ў поўны рост...

Праз мутнае акно сваёй пятлі

Зірнеш у вочы людзям, а калі

Зямлю асвеціць сонца, што ў засадзе

Таілася да гэтае пары,

Ты ўчуеш песню жаўранка ўгары.

Убачыш мужыка на даляглядзе

З канём і сошкай і шапнеш:

«Ары!»

Я выйшаў расчулены. Гаварыў тое, што адчуваў і думаў. Аркадзь задаволена ўсміхаўся. Яшчэ я сказаў: каб таленавіты рэжысёр, улюбёны ў гісторыю нашага народа і яго паэзію, адчуў усю сілу гэтай незвычайнай паэмы, атрымаўся б выдатны спектакль, якога так даўно чакае глядач, а можа, і опера.

«Каб жа знайшоўся! – памаўчаўшы, дадаў: – Магло б атрымацца нешта вартае. Пакуль што такога не бачу. У нас часцей – лабаранты, эксперыментатары. Адкрываюць даўно забытае. Ты ж помніш спектаклі Меерхольда. Там быў таленавіты пошук.

Пра спектакль пасля. Ты мне скажы, ці не лішні тут будзе эпілог?»

Я прызнаўся: калі чытаў апошнія старонкі, некалькі разоў вяртаўся назад, каб знайсці філасофскую, сэнсавую і нават інтанацыйную завершанасць. Здалося, апошняя кропка пастаўлена часова, што не хапае выразнага заключнага акорда і, бясспрэчна, эпілог быў бы на месцы. Ён проста неабходны.

«А ён у мяне амаль гатовы. Засталося толькі запісаць. Ведаеш, як я задумаў?» I расказаў тое, што я потым прачытаў у канчатковай рэдакцыі паэмы. Запомнілася – Урублеўскі з параненаю рукою, як з перабітым крылом.

Мы развіталіся далёка за поўнач. Куляшоў прызнаўся, што ўжо думае і збірае матэрыялы для паэмы пра Дзяржынскага.

Яшчэ доўга ў тумане красавіцкіх начэй у вокнах над брамаю Нясвіжскага санаторыя ледзь не да раніцы гарэла святло. Там «ішлі барыкадныя баі», а генерал Парыжскай камуны Валеры Урублеўскі пасылаў федэратаў на форт Іўры і слухаў амаль трызненне Марыські, якая ўсё яшчэ шукала сярод змагароў свайго Кастуся, Яську, Хамуціуса.

Была яшчэ і самая апошняя сустрэча з Куляшовым. На вялікі жаль, ніхто ніколі не ведае, што бачыцца з таварышам, з дарагім чалавекам апошні раз. У гэтай загадкавай невядомасці вялікая мудрасць жыцця і смерці.

У снежні 1977 года ў нашай філармоніі з вялікім поспехам праходзілі творчыя вечары Расула Гамзатава. Пераклады яго вершаў на беларускую мову чыталі Аркадзь Куляшоў, Язэп Семяжон, Генадзь Бураўкін і я. Да пачатку вечара і ў антрактах Аркадзь Аляксандравіч дасціпна жартаваў з Расулам, а той з выключнаю пяшчотаю гарнуўся да свайго беларускага друга. Гэта былі сапраўдныя кунакі ў жыцці і паэзіі.

Пасля аднаго з вечароў Куляшоў папярэдзіў: «Хлопчыкі, вы ўжо і маю нагрузку вазьміце на сябе. Павінен ехаць у Маскву. Кайсыну Куліеву 60 гадоў, трэба ж павіншаваць».

Мы яго праводзілі да дзвярэй. На вуліцы скавытала завіруха. Развіталіся да наступнай сустрэчы.

Бачылі, як яго невысокая постаць у ладным кажушку знікае ў снежнай замеці.

Праз некаторы час ён зноў паехаў у Нясвіж. Не адпачываць, не лячыцца – працаваць. Мне здаецца, ён ніколі не адпачываў, ды і не ўмеў.

Адтуль прыйшла страшная вестка.

Мы яшчэ не поўнасцю зразумелі і адчулі, які шырачэзны прагал працерабіла смерць у нашай паэзіі. Куляшоў несмяротны як паэт, але ён быў нашым сумленным, нашым маўклівым суддзёю: аддаючы вершы ў друк, я заўсёды трывожыўся, што падумае, што скажа Куляшоў... Узорам поўнай аддачы, эталонам глыбіні, чысціні і майстэрства засталася яго паэзія, якую будзем спасцігаць і мы, і нашы нашчадкі. Яна нікому не дазваляе працаваць у паўнапала душы, яна глядзіць нам у вочы; як сумленне, застаўся яго запавет: «Лепш падаць і ўставаць з нялёгкай ношкаю, чым злёгку папіхаць яе рукой». Ён упаў пад гэтаю ношкаю. Хто ж яе панясе далей, раўняючыся на сцяганосца паэтычнай брыгады?

Грахоўскі, С. Вечны падарожны / Сяргей Грахоўскі //
Так і было : артыкулы, успаміны, эсэ / Сяргей Грахоўскі. –
Мінск, 1986. – С. 109–117.


 

bottom of page