Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
АД РОДНАЙ БЕСЯДЗІ
Успаміны Леаніда Левановіча
1984 .....................................
На адной з вуліц Хоцімска, акурат насупраць універмага, стаіць у засені дрэў даволі вялікі і стары ўжо драўляны дом. У гэтым доме часта бываў Аркадзь Куляшоў. З далёкіх і блізкіх дарог ён вяртаўся сюды – да бацькоў, да роднай Бесядзі. Тут, ля Хоцімска, рака вузейшая і плынь яе цішэйшая, чым семдзесят вёрст уніз па цячэнні каля роднай паэтавай вёскі Саматэвічы.
Жнівеньскім днём 1980 года прыехала ў Хоцімск здымачная група Беларускага тэлебачання. З хваляваннем у сэрцы пераступілі мы парог ціхага дома. Сустрэла нас Надзея Аляксандраўна, сястра паэта.
– А дзе ж бабуля? – спытала дачка паэта Валянціна, якая прыехала з намі.
– Бабуля ў гародзе. Жне ячмень.
Адразу за сенцамі пачынаўся сад. Галінкі яблынь звісалі пад цяжарам духмяных чырванабокіх пладоў. Вузкая сцежка вяла да студні, за ёй жаўцеў лапік спелага ячменю. Маці паэта, Кацярына Фамінічна, гэтак захапілася работай, што не чула і не бачыла гасцей. Яна ўзняла галаву і сярпок яе перастаў завіхацца, калі падбегла праўнучка Волька, Валіна дачка. Наш кінаааператар хапатліва ўскінуў камеру, каб не прапусціць момант сустрэчы. Цёмнай ад сонца і паўсядзённай сялянскай працы рукой гладзіла Кацярына Фамінічна мяккія льняныя валасы праўнучкі і пявучым голасам гаварыла:
– А мая ж ты Волечка, мая птушачка залатая! А я ж во і не пачула, калі вы прыехалі, – вялікімі і яснымі вачамі аггледзела яна ўсіх.
Даведаўшыся, што Кацярыне Фамінічне 88 гадоў, рэжысёр і аператар заківалі галовамі ад здзіўлення, пачалі ўгаворваць яе, каб зноў зняць.
– Дык вы рабіце сваю справу, а я сваю, – і яна ўзялася за серп. Звыклым рухам падчэплівала сцябліны, падразала, уздымала ўверх і клала на перавясла. Я глядзеў на яе рукі і не мог адвесці вачэй: гэтыя рукі спавівалі некалі будучага паэта, падносілі яго да грудзей, укладвалі спаць. «Я маці абавязан кожнай рыскаю», скажа потым паэт.
Так, Аркадзь Куляшоў вельмі падобны на сваю маці: вочы, нос, абрысы твару. Мабыць, ад яе ўзяў ён і зайздросную працавітасць. А зрабіў Куляшоў багата: семнаццаць паэм, сотні вершаў, цэлая бібліятэка высокамастацкіх перакладаў, сцэнарыі кінафільмаў...
Я думаю пра гэта, седзячы ў цесным будане, што прытуліўся ў канцы саду. Ад Надзеі Аляксандраўны ведаў, што паэт любіў тут працаваць. Маленькая прыхожая, у якой пахне сенам, рамонкамі, палыном. Дзверы ў другі пакойчык, у ім ложак, грубачка, невялікі столік, вузкае акенца. Цішыня да звону ў вушах. Упаў даспелы яблык, глуха стукнуўся аб зямлю. I зноў цішыня. Дык вось чаму ён любіў гэты цесны куток! Адсюль ён мог з цэлым народам гутарку весці, як і вялікі Купала. Магчыма, у гэтым буданку ў 1963 годзе і напісалася:
Пазбавіўшы ад грознага відовішча
Свет, не дазволю я, каб дым і пыл
Зямлю ператварыў у бамбасховішча,
Мільярд прапісак – у маўклівы прысак,
Мільярд калысак – у мільярд магіл.
На пачатку 64-га я асабіста пазнаёміўся з паэтам. Напярэдадні яго паўвекавога юбілею маладзёжная газета «Знамя юности», дзе я тады працаваў, вырашыла папрасіць у Куляшова новых вершаў. Але дома паэта не было. Даведаліся, што ён у Доме творчасці «Каралішчавічы», куды з’ехаў у пошуках цішыні. Тут у рэдакцыі ўспомнілі, што я таксама з Касцюковіцкага раёна і мне даручылі ехаць да Куляшова.
У драўляным двухпавярховым будынку Дома творчасці было ціха. Я асцярожна адчыніў дзверы, прыслухаўся. Справа чуўся пошчак пішучай машынкі. На дзвярах цьмяна паблісквала лічба 10. Пастукаўшы, адчыніў дзверы і сумеўся: за сталом сядзеў Аркадзь Куляшоў. Я пазнаў яго адразу: буйная лысая галава, высокі лоб.
– Заходзьце, што ж вы сталі, – запрасіў ён.
Блытаючыся, хвалюючыся, я расказаў, чаго прыехаў, і што я не адзін – са мной фотакарэспандэнт і яшчэ адзін журналіст.
– Паклічце іх. Хай заходзяць.
Калі мы ўсе расселіся, Аркадзь Аляксандравіч павярнуўся да мяне:
– Дык вы родам з Клеявіч? У маладыя гады часта бываў там. Таксама ж на Бесядзі. У школе вы ў Саматэвічах вучыліся?
Я адказаў, што вучыўся ў Белай Дуброве, а мае брат і сястра хадзілі ў школу ў Саматэвічы за сем кіламетраў. Доўга гутарыць нам не давялося: зазірнуў Максім Лужанін, каб разам ісці з Куляшовым на абед.
– ГІакуль я буду абедаць, вы можаце перапісаць два гэтыя вершы для газеты. А потым яшчэ пагамонім, – Куляшоў падсунуў мне два аркушы паперы з роўнымі радкамі машынапісу.
Аркадзь Аляксандравіч неўзабаве вярнуўся. Дзень пасвятлеў, ружовае сонца вісела над заснежанымі дрэвамі. Гаварылі пра зіму, а была яна ў той год снежная, завейная. Убачыўшы ў мяне ў руках яго кніжку «Грозная пушча», Аркадзь Аляксандравіч усміхнуўся:
– Давайце падпішу, – заціснуў кіёк пад пахай і, стоячы, напісаў на кніжцы: «Земляку ад земляка...»
Прыгадваецца, як быў я ў Куляшова на кватэры. А выйшла так. Надвечар у аддзел крытыкі часопіса «Неман», дзе я тады працаваў, зазірнуў Браніслаў Спрынчан: «Іду да Куляшова. Дарэчы, ён пытаўся пра цябе. Гаварыў, што прачытаў твой «Зялёны трохкутнік». Хадзем за кампанію».
Куляшоў сядзеў на канапе, многа курыў, невялікія шэрыя вочы пазіралі пільна і весела, а яго губы – верхняя таўсцейшая за ніжнюю – часта расцягваліся ва ўсмешцы. Гаварылі мы больш за гадзіну.
Размова ішла пра вершы ваенных гадоў, надрукаваныя ў франтавых газетах на рускай мове. ГІотым гаворка зайшла пра пераклады. Б. Спрынчан сказаў, што яму вельмі падабаецца лермантаўскі радок «и звезда с звездою говорит» у перакладзе на беларускую мову: «зорка зорцы голас падае...» Куляшоў трохі памаўчаў.
– Нічога іншага не знайшоў. Зорка з зоркай размаўляе – не лезе, кепска. У перакладзе заўсёды можна знайсці адэкват. Але трэба тварыць. Даслоўны, буквальны пераклад нічога не дасць, калі сваёй працы не ўкладзеш. Калі пашкадуеш сябе...
I вось Саматэвічы. Тут жывуць людзі, якія добра ведалі паэта, помняць поціск яго рукі.
Нам пашанцавала. Некалькі дзён ішлі дажджы, а тут выбілася з-за хмар сонца, і нам удалося зрабіць на Бесядзі кіназдымак. А якія там краявіды! На высокім беразе старадаўнія дубы, блакітная стужка ракі то прытуліцца да старых дубоў, то схаваецца ў кустах лазняку, то вільне ў бок лесу...
Бесядзь, быццам непарыўная пупавіна, звязвае гарадскі пасёлак Хоцімск і мястэчка Саматэвічы. Абодва гэтыя паселішчы былі вельмі дарагія Аркадзю Куляшову.
А для нас дорага ўсё, што звязана з яго славутым імем.