top of page

ЖЫЦЦЁ

УСПАМІНЫ ПРА КУЛЯШОВА

ПАМЯТНЫЯ СУСТРЭЧЫ
Успаміны Уладзіміра Ламінскага
 

1989 ..................................

...1954 год. Толькі што зволіўся з радоў Савецкай Арміі. Прыехаў у Касцюковічы. Загадчык райана прапанаваў мне настаўнічаць у Хоцімскай сямігодцы, што недалёка ад Саматэвіч. Прапанову сустрэў з вялікім задавальненнем. Хаця і знаходзіўся працяглы час далёка за межамі рэспублікі, але са студэнцкіх гадоў шмат ведаў і чуў аб выдатным беларускім паэце А. Куляшове, які нарадзіўся ў Саматэвічах.

I вось я ўпершыню на радзіме паэта!

Ніколі не згладзяцца з маёй памяці першыя ўражанні аб гэтай адной са старэйшых і прыгажэйшых вёсак нашай Касцюкоўшчыны. Тут толькі што пачалі ўзводзіць першы ў раёне двухпавярховы цагляны тыпавы будынак для сярэдняй школы. Ініцыятарам будаўніцтва школы быў Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, лаўрэат у той час Сталінскай (цяпер Дзяржаўнай) прэміі.

Уразілі мяне гмахі праваслаўнай царквы – архітэктурнага помніка XIX стагоддзя. Будынак меў вельмі прывабны выгляд. Над царквою ўзвышаліся залачоныя купалы, якія былі бачны з такіх аддаленых месц, як вёскі Студзянец, Белая Дуброва, Сілічы і Хоцімск. Царква мела цудоўны іконастас, шматлікія фрэскавыя роспісы па сценах, калонах, скляпеннях ранняга класіцызму.

На рацэ Бесядзі на ўскрайку вёскі Хоцімск, дзякуючы настойліваму хадайніцтву Аркадзя Куляшова, была пабудавана міжраённая гідраэлектрастанцыя.

Бываючы па службовых, а потым неадкладных дэпутацкіх справах у Саматэвічах, я заўсёды знаходзіў час, каб добра агледзець вясковую сядзібу, хату, у якой нарадзіўся Куляшоў, прайсціся ўсцяж рачулкі Чорналужка, на беразе якой так любіў пасядзець адзін на адзін са сваімі думкамі Аркадзь Аляксандравіч, калі яму шчасціла гасцяваць у роднай вёсцы.

З замілаваннем слухаў я расказы і ўспаміны аднавяскоўцаў паэта, якія колькі разоў сустракаліся і шмат часу праводзілі ў шчырых гутарках з ім. Асабліва памятны мне ўспаміны былога настаўніка С.А. Брыльянтава, які вучыў Аркадзя Куляшова.

Але мне вельмі хацелася пазнаёміцца з паэтам. Гэта знамянальная падзея ў маім жыцці адбылася ў 1966 годзе ў Касцюковічах. З таго часу да апошніх дзён жыцця паэта сяброўства з Аркадзем Аляксандравічам не парывалася.

Колькі разоў сустракаліся мы ў Мінску на ягонай кватэры! Гутаркі часта працягваліся далёка за поўнач.

У час апошняй сустрэчы зайшла гаворка аб захаванні хаты і сядзібы бацькі Аркадзя Куляшова. Было дамоўлена, што з дапамогай мясцовых улад варта ўзвесці будынак, які б адпавядаў той хаце, у якой нарадзіўся Аркадзь Аляксандравіч.

Цяжкая была гэта гутарка. Здавалася, што Аркадзь Аляксандравіч як бы адчуваў, што гэта ягонае знаходжанне сярод землякоў будзе апошнім. Так яно і здарылася. Але паэт, прыехаўшы ў Мінск, неўзабаве даслаў мне чарцяжы той бацькавай хаты. Дарэчы, па гэтых чарцяжах мастак Магілёўскіх мастацкіх майстэрань А. Шкляр вырабіў дыяраму «Хата, дзе нарадзіўся А. Куляшоў», што абсталявана ў літаратурным музеі ў вёсцы Саматэвічы.

Пасля канчыны народнага паэта Беларусі, двойчы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Аркадзя Куляшова ў раённым краязнаўчым музеі мы абсталявалі літаратурны куток, а потым адчынілі дзверы літаратурнага музея земляка на яго радзіме ў Саматэвічах.

Ведаў я і маці паэта. Шмат разоў сустракаўся і гутарыў з ёй, адчуваў яе гасціннасць і добразычлівасць.

Ламінскі, У. Памятныя сустрэчы / Уладзімір Ламінскі //
Сцяг Камунізму. – 1989. – 21 студзеня. – С. 4.


 

bottom of page