top of page

ЖЫЦЦЁ

УСПАМІНЫ ПРА КУЛЯШОВА

1980 ................................

ПАЭТ ПРА НАШАГА ЗЕМЛЯКА
Успаміны Міхаіла Ісакоўскага

 

Шчыра і сардэчна любіў творчасць нашага земляка: выдатнага беларускага паэта Аркадзя Аляксандравіча Куляшова шырока папулярны рускі савецкі паэт, Герой Сацыялістычнай Працы Міхаіл Васільевіч Ісакоўскі (1900–1973 гг.).

Упершыню яны сустрэліся ў 30-я гады. Гэта было тады, калі наш юбіляр прыехаў ў Беларусь, быў удзельнікам літаратурных вечароў. Так нарадзілася дружба мастакоў слова беларускай і рускай літаратур. Пазней яны колькі разоў звярталіся да ідэнтычных тэм. Успомнім гады Вялікай Айчыннай вайны, калі два паэты пішуць пра фашысцкую няволю. (М. Ісакоўскі «Прыміце мяне, векавыя дубравы» і А. Куляшоў («Пісьмо з палону»). Размова ў іх ідзе пра савецкіх дзяўчат, якіх фашысты ўгналі ў гітлераўскую нямеччыну.

Аркадзь Куляшоў звяртаецца да вобразаў вершаў М.В. Ісакоўскага. Нельга не ўспомніць папулярнай песні нашага юбіляра «Дан приказ ему на запад». Аркадзь Аляксандравіч развівае вядомы вобраз пісьма:

 

Я пашлю яго ў неба, няхай

ён вандруе з вятрамі,

Можа хмара табе яго

выплесне з дажджамі.

 

У гэтым творы няма ні канвы, ні інтанацыі верша-песні М.В. Ісакоўскага. Ён толькі адштурхнуўся ад яе, стварыў вельмі арыгінальны твор.

У гады Вялікай Айчыннай вайны М.В. Ісакоўскі прачытаў паэму Аркадзя Куляшова «Сцяг брыгады». Паэма не толькі спадабалася Міхаілу Васільевічу. Яна ўразіла яго да глыбіні душы. ІІаэт жыў яе вобразамі, адчуваў красу беларускіх лясоў, азёр, рэк. Быў шчыра закаханы ў цудоўныя паэтычныя радкі твора. I пачаў перакладаць «Сцяг брыгады» на рускую мову. Працаваў творча, з натхненнем і радасцю.

З якой павагай пісаў Міхаіл Васільевіч пра гэты твор беларускага сябра: «Я ведаў Куляшова яшчэ да вайны, ведаў яго таленавітыя вершы, у якіх было нешта свежае, своеасаблівае, сапраўды паэтычнае. Паэма яго мяне ўразіла. У ёй было столькі жыццёвай праўды, столькі сапраўднага паэтычнага таленту, што яна адразу і назаўсёды запомнілася. Талент Куляшова ўзняўся ў гэтай паэме вельмі высока».

А ў верасні 1963 года мне давялося сустрэцца з Міхаілам Васільевічам. Гутарка была шчырай, сардэчнай. Ён гаварыў пра багацце беларускай літаратуры, яе мастакоў. I з асаблівай павагай пра Аркадзя Куляшова. У кастрычніку таго ж года ён пісаў у пісьме да аўтара гэтага артыкула: «Мае адносіны да творчасці Аркадзя Куляшова – самыя пазітыўныя. Я лічу Куляшова адным з найбольш таленавітых беларускіх паэтаў».

Борт, А. Паэт пра нашага земляка / Алег Борт //
За камуністычную працу (Магілёў). – 1980. – 19 студзеня. –
С. 2.

 

bottom of page