Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
ЛІТАРАТУРНЫ НАСТАЎНІК
Успаміны Міколы Аўрамчыка
2004 ..................................
Цяпер, відаць, ніхто з маладых пісьменнікаў не ведае, якую ролю ў лёсе паэтаў майго пакалення адыграў Аркадзь Куляшоў як старэйшы таварыш, клапатлівы настаўнік і добры дарадца.
У даваенныя гады ён працаваў кансультантам па паэзіі ў кабінеце маладога аўтара.
Аркадзь Аляксандравіч адказваў пачынаючым шчырымі лістамі, у якіх разглядаў кожны верш, выказваў заўвагі наконт паасобных строф і радкоў. Яго своеасаблівыя і цікавыя парады былі адкрыццём і незвычайнасцю для нас.
З лёгкай рукі Аркадзя Куляшова я пачаў друкавацца ў рэспубліканскіх выданнях.
Аднойчы са школы я даслаў у кабінет маладога аўтара некалькі вершаў. Аркадзь Аляксандравіч у лісце адказаў, што яны яшчэ не ўяўляюць цікавасці і толькі верш «Парашутыстка», на яго думку, варты ўвагі... Яго ён пастараецца перадаць для друкавання ў рэдакцыю юнацкай газеты.
Як кожны пачатковец, які з нецярплівасцю жадае ўбачыць у друку свой твор, я чакаў-чакаў і, не дачакаўшыся, напісаў ліст у «Чырвоную змену», у якім пытаўся, ці ёсць у рэдакцыі мой верш «Парашутыстка». Адтуль адказалі, што такога верша ў іх ніколі не было і яны нічога не ведаюць пра яго.
Якое ж было маё здзіўленне, калі праз пару месяцаў я атрымаў часопіс «Полымя рэвалюцыі», дзе быў змешчаны гэты верш. Аказваецца, туды перадаў яго Аркадзь Куляшоў.
Мабыць, па ягонай рэкамендацыі пасля заканчэння мною дзесяцігодкі я быў выкліканы Саюзам пісьменнікаў у Мінск на месячныя курсы маладых аўтараў.
Помню, як я ўпершыню зайшоў у кабінет маладога аўтара. Ён знаходзіўся на другім паверсе Дома пісьменнікаў. Я паказаў Аркадзю Аляксандравічу вершы. Пад імі не было напісана прозвішча.
Ён глянуў на почырк і весела сказаў:
– А, Аўрамчык!.. Будзем знаёмы!
Відаць, мы, пачаткоўцы, так надакучвалі яму сваімі вершамі, што ён ведаў нас па почырках!
Калі вучыўся ў Мінску, я часта прыходзіў на кансультацыю да Аркадзя Куляшова. Прыходзілі да яго і мае сябры і таварышы – Аляксей Коршак, Уладзімір Рагуцкі, Аркадзь Гейнэ.
Няцяжка ўявіць, чаму мы звярталіся менавіта да яго. У той час гэта быў вядомы паэт, які выдаў зборнікі «Росквіт зямлі», «Па песню, па сонца!..», «Медзі дождж», «Аманал», «Гарбун». Мы іх чыталі і добра ведалі. У яго было чаму павучыцца...
На першым курсе ў інстытуце я напісаў верш «Адлёт жураўлёў» і прынёс яго Аркадзю Куляшову. Ён уважліва прачытаў верш, зрабіў некалькі заўваг па радках і словах. Я потым выправіў іх і зноў прыйшоў у кабінет маладога аўтара. Аркадзь Аляксандравіч зноў прагледзеў верш і накіраваў мяне з ім у рэдакцыю «Полымя рэвалюцыі», якая размяшчалася на першым паверсе Дома пісьменнікаў. Верш быў надрукаваны позняй восенню 1938 года.
Аркадзь Куляшоў не толькі дапамагаў нам парадамі, ён умеў яшчэ і заахвочваць нас аднаго перад адным.