top of page

ЖЫЦЦЁ

УСПАМІНЫ ПРА КУЛЯШОВА

УСПАМІНЫ ВАЛЯНЦІНЫ ЯКАЎЛЕЎНЫ ФЕДЗІНАЙ

2014 .............

Нашы хаты аддзяляла невялікая рачулка Чарнавутка і дом Фядоры і Паўла Усціненкаў. Памятаю, я была яшчэ дзяўчынкай, калі Аркадзь Аляксандравіч прыязджаў у нашу вёску, і яго сустракалі як важнага госця. Аднак ён ніколі не прамінаў хату Паўла Азаравіча. Яны сябравалі, таму ў Аркадзя Куляшова заўсёды знаходзіўся час, каб завітаць да суседа. Землякі доўга сядзелі тады на прызбе, курылі і аб нечым гаварылі.

А калі на «куляшовым мосце», так празвалі мост праз рачулку, на благавешчанне ладзіліся танцы, то Аркадзь Куляшоў запрашаў на танец Фядору, сябраву жонку. Любіў з ёй танцаваць.

Некаторыя яркія эпізоды з дзяцінства аб паэце засталіся ў маёй памяці. I на святы, якія ладзіліся каля царквы, і на школьным двары ў гонар паэта-земляка, дзе яго сустракалі хлебам-соллю, дзе праходзіў мітынг, выступала мастацкая самадзейнасць, чыталі вершы, хадзіла з задавальненнем.

А калі стала дарослай, я купіла кнігу Пімена Панчанкі пра Аркадзя Куляшова. Там шмат цікавых эпізодаў з жыцця паэта, ёсць імёны людзей, якіх і я ведала. Кніга і зараз захоўваецца ў мяне дома. Калі прыязджаюць у госці ўнукі з Санкт-Пецярбургу ці Магілёва, я ім расказваю і даю пачытаць пра майго суседа. Ганаруся, што вясковы хлопец, а так праславіў нашы Саматэвічы!

Голас Касцюкоўшчыны. – 2014. – 5 лютага.

 

bottom of page