Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
2005 ............................
ЯГО БЕСЯДЗЬ ЗАЎСЁДЫ ЧЫСТАЯ
Успаміны Алеся Пісьмянкова
Бесядзь... Вось я зноў напісаў дарагое мне слова і задумаўся. Задумаўся не толькі таму, што яно абудзіла ў маёй памяці мноства асацыяцый і родных сэрцу вобразаў. Не толькі таму, што «птушкі помняць гнёзды свае», хоць гэта і святая праўда.
Я раптам адчуў што ў маёй свядомасці даўно ўжо жыве дзве Бесядзі: адна з іх – рака майго маленства, а друтая – вось ужо колькі гадоў жыве ў нашай літаратуры. Прачытайце творы А. Куляшова, I. Чыгрынава, М. Сяднёва, А. Русецкага, В. Хомчанкі, П. Прыходзькі, Л. Левановіча, М. Губернатарава і вы пераканаецеся ў гэтым. Але будзем паслядоўнымі...
Бесядзь, як сведчыць энцыклапедыя, – «рака, левы прыток Сожа (бас. Дняпра). Даўжыня 261 км. Пачынаецца ў Смаленскай вобласці, цячэ ў Магілёўскай, Бранскай і Гомельскай абласцях. Шырыня рэчышча ад 10–20 м у верхнім цячэнні, да 30–40 м у ніжнім, на асобных участках да 100 м».
Не, так, відаць, у нас наўрад ці што атрымаецца – адсунем убок салідны том энцыклапедыі. Бо яе сухая навуковая даведка гаворыць усё і ў той жа час – нічога. Прынамсі, у ёй няма ні слова пра самае істотнае: Бесядзь – адна з самых найчысцейшых рэк на Беларусі. Далёкая ад прамысловых цэнтраў і густанаселеных гарадоў, яна захавала надзіва чыстую і празрыстую, аж да крынічнасці, ваду. Нават у летні спякотны дзень яна не губляе прыемную, трохі калючую прахалоду. А цяпер ва ўсё гэта ўдыхніце жыццё, дайце ўволю святла і сонца, уявіце крутыя стромістыя берагі з карабельнымі соснамі і старымі як свет дубамі, з аднаго боку, і шырокімі заліўнымі лугамі са шматлікімі старыцамі – з другога. Дадайце да гэтага гарэзлівых ластавак, што жывуць па-над самай вадой у пячорах абрывістых берагоў, не забудзьце руплівых пчол і басавітых чмялёў, якія непадалёк ладзяць свае гнёзды... Я не памятаю, каб прыбяседскія мужчыны, ідучы касіць, бралі з сабою збанкі з вадой – касцы пілі проста з рэчкі. Але затое я добра помню старога Гарашчонка, які, калі верыць мясцовым рыбакам (на Бесядзі ці не ўсе рыбакі), адпускаў злоўленых акунёў назад у ваду і пры гэтым скептычна моршчыўся: «Чысціць кепска...»
Прыблізна такой, толькі, відаць, больш паўнаводнай, а значыць, і больш прыгожай упершыню ўбачыў Бесядзь Аркадзь Куляшоў, якому рака абавязана сваім другім жыццём і сваёй шырокай вядомасцю: у 1940 годзе 26-гадовы паэт піша першы варыянт знакамітага верша «Мая Бесядзь». Памятаеце...
Я ўпарты, не кіну пачатае справы,
Каменне крышу.
Разграбаю пяскі,
Пад кпіны аматараў лёгкае славы
Капаю рэчышча ўласнай ракі.
З надзеяй гляджу на крыніцу спатканую,
Хачу, каб яна разлілася ракой...
Не Волгай магутнай,
Не нават Камаю,
Хоць Бесяддзю, што на радзіме маёй.
У гэтых радках увесь Куляшоў! З яго няўрымслівым характарам, з яго вялікімі патэнцыяльнымі магчымасцямі. «Мая Бесядзь» – не проста эстэтычная праграма патрабавальнага да сябе паэта, сэрца якога «абпалена смагай радка», не проста жыццёвае крэда, але і вернасць сваім караням, сваёй зямлі.
I разам з тым у будучага Майстра ўсё яшчэ наперадзе, ён з надзеяй глядзіць «на крыніцу спатканую». Заўважце, рака Бесядзь таксама пачынаецца з крыніцы...
Магчыма, нехта ўсміхнецца: «Пашчасціла ж Бесядзі... На яе беразе нарадзіўся Куляшоў». Так, сапраўды пашчасціла! Але будзем справядлівымі – пашчасціла абаім. I паэту, і рацэ. Уздзеянне прыроды на чалавека, на яго лёс, на фарміраванне яго як асобы наогул цяжка пераацаніць – гэта аксіёма. А калі чалавек яшчэ і паэт...