top of page

ЖЫЦЦЁ

УСПАМІНЫ ПРА КУЛЯШОВА

«...I ЛЕС БЕЗ ЗЯЗЮЛІ...»
Успаміны Канстанціна Ваншэнкіна
 

1989 ................................

Калі вымавіць два гэтыя словы – Аркадзь Куляшоў, – то ў душы, у памяці адразу ж адгукнуцца яшчэ два – «Сцяг брыгады».
Гэту паэму я ўпершыню прачытаў неўзабаве пасля вайны, і яна з таго часу засталася ўва мне – поўная смутку, болю і сілы, кранальная і крыху таямнічая. Таямнічая, таму што ў ёй гавораць пакінутыя ў родным доме, нядаўна яшчэ неадушаўлёныя рэчы, таму што  ў ёй  –  часам быццам у  сне – выходзяць лясамі з акружэння людзі, якія нясуць зашыты ў куртку баявы сцяг. У паэме вельмі шмат ад фальклору, сказа, яна напісана надзіва свабодна і ў той жа час зусім натуралыіа, пават як бы няхітра. Пераклаў яе з беларускай Міхаіл Ісакоўскі. Гэта яго работа, акрамя песняў ваеннага часу, была таксама ўдзелам у агульнай справе ў тыя грозныя гады.
Па сённяшні дзень загадкай гучаць для мяне першыя радкі паэмы:

Як ад роднай галінкі дубовы лісток адарваны,
Родны Мінск я пакінуў, нямецкай бамбёжкаю гнаны.

I праз некалькі старонак зноў, крыху зменена:

Як у час навальніцы
Ад дрэва лісток адарваны,
Пакідаў я сталіцу,
Пажарам бязлітасным гнаны.

Відаць, чалавек моцна ўзрушаны тым, што адбываецца, таму міжволі амаль слова ў слова бярэ знаёмыя яшчэ са школы лермантаўскія радкі.
Чалавек не верыць у тое, што адбываецца наўкола, на палявой дарозе:

Я не веру, што гэта мінчане,
Што гэта мінчанам 
Малако прапануюць сяляне 
I ў хатах частуюць іх чаем.
З самалётаў не зводжу вачэй 
I не веру – няўжо самалёты? –
Проста з неба ляцяць на дзяцей,
Сеюць смерць кулямёты.
Хіба можна паверыць, калі 
Сэрца рвецца на часці?

I зусім бязлітасна:

Хіба дзеці, што полем ішлі,
Рэгулярныя часці?..

Ён не верыць – і мы верым яму.
У нядаўняй тэлевізійнай перадачы (1984 г.), прысвечанай Аркадзю Куляшову, адзін з прамоўцаў сказаў, што «Сцяг брыгады» вельмі блізкая «Васілію Цёркіну». На самой справе? Чым жа? Тым, што абедзве рэчы напісаны ў час вайны, на вайне? Тым, што і там, і там ёсць упарты, настойлівы матыў – выхаду да сваіх, праз фронт, на ўсход? Але ж сам верш зусім іншы. Не толькі рытмічна і інтанацыйна – у Куляшова ён больш рамантычны, ці што.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page