top of page

ЖЫЦЦЁ

УСПАМІНЫ ПРА КУЛЯШОВА

У СЭРЦЫ І ДУМКАХ...
Успаміны Віталя Маслоўскага
 

2005 ...................................

Усяго два дні не дажыў Аркадзь Аляксандравіч да 64-годдзя. Усяго. Наступнаму і былому не наканавана было сустрэцца, як гэта ўдала спалучыў творца ў паэме-жыццяпісе «Далёка да акіяна». Калі мы развітваліся з ім пахмурным сцюдзёным лютаўскім днём 1978-га, я падумаў, што ён ужо пажылы чалавек, прайшоў цяжкія жыццёвыя дарогі, у гады Вялікай Айчыннай вайны быў на фронце. Як вынік – хваробы, недамаганні і вось – смерць...

І намнога пазней, калі сам ужо маю за плячыма 60-гадовы рубеж, я ўсвядоміў і сваю легкадумнасць, і тагачасную наіўнасць у асэнсаванні ўсяго, што адбывалася на маіх вачах, – як рана, як заўчасна ён пакінуў нас.

Але памяць вяртае да тых часоў, калі я толькі-толькі пачынаў усведамляць, што азначае для мяне брат маёй маці Надзеі Куляшовай, мой дзядзька Аркадзь. Маці звала яго проста Аркадзь, часцей па-руску – Аркадый. А для нас, мяне і майго брата Сяргея – яго пляменнікаў, ён быў дзядзькам. Я зваў яго – Аркадзь Аляксандравіч.

На працягу 1950-х гг. ці, дакладней кажучы, праз усе мае школьныя гады праходзіла найперш усведамленне, што А. Куляшоў наш родзіч, а потым ужо – паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі (тады Сталінскай), вядомы ў рэспубліцы і ва ўсім Савецкім Саюзе чалавек.

Так здарылася, што ў лютым (зноў жа лютым) 1950 г., калі мы жылі ў г. Асіповічы, на Магілёўшчыне, мой бацька Іван Маслоўскі спяшаўся на заняткі ў вячэрнюю школу, трапіў пад цягнік і загінуў. Гэтую бяду з намі падзяліў і Аркадзь Аляксандравіч. Ён прыехаў тады ў Асіповічы, выказаў сваё спачуванне. Але галоўнае, што ён зрабіў, – прапанаваў маёй маці перабрацца ў Мінск, каб пачаць новае жыццё. У Мінску ён дапамог маці ўладкавацца на працу ў школу № 22. Нам было прапанавана жытло ў тым самым бараку, дзе размяшчалася і сама школа.

Можна смела гаварыць, што мы былі пад яго апекай. Дапамагаў не толькі словам, але часам, як я разумею цяпер, вельмі істотна і ў сацыяльным плане. Напрыклад, у час зімовых і вясновых школьных канікулаў я (іншым разам з братам) мог на тыдзень, а то і больш паехаць у Каралішчавічы, дзе тады быў Дом творчасці Саюза пісьменнікаў, і пажыць там на прыродзе ў добрых умовах. А мая маці (школьны завуч) таксама мела магчымасць трохі перавесці дыханне. Як я думаю, Аркадзь Аляксандравіч паспрыяў нашай сям’і і ў тым, каб мы пераехалі з барака ў Сацгарадку (быў такі на вуліцы Будзённага ў раёне Трактарнага завода) у свой уласны пакой (хоць і з агульнай кухняй на 3 сям’і).

На працягу 1950-х гг. мы – я, брат Сяргей, маці – даволі часта бывалі ў гасцях у вялікай сям’і Аркадзя Куляшова. Заўсёды нас прымалі вельмі прыязна і месца за абедзенным сталом хапала ўсім.

За гэтым самым сталом я быў сведкам цікавых сустрэч з рознымі знакамітымі людзьмі.

Як вядома, А. Куляшоў быў адным са стваральнікаў сцэнару кінафільма «Чырвонае лісце» (паводле яго вершаванай хронікі «Грозная пушча»; дапамагаў Алесь Кучар). На галоўную ролю Андрэя Мяцельскага быў запрошаны артыст з Рыгі Эдуард Павулс. Вельмі добра помніцца шчырая размова сцэнарыста А. Куляшова з акцёрам Э. Павулсам.

Прыгадваю яшчэ і тое, як у гасціннай кватэры Аркадзя Аляксандравіча, дзе ўмела шчыравала яго жонка Аксана Фёдараўна (для нас цёця Ксана), прымалі грэцкага паэта Яна Рыцаса, творы якога на беларускую мову перакладаў А. Куляшоў.

У пачатку 1960-х гг., калі я стаў студэнтам філфака БДУ, жыццё не так часта зводзіла нас, акрамя хіба што розных вечарын у Саюзе пісьменнікаў на вуліцы Энгельса, 9 (тады яшчэ не было Дома літаратара), дзе мы сустракаліся мімаходзь, бо на працяглыя гутаркі часу не хапала. Прыпамінаецца адна з сустрэч. У 1964 г., здаецца, летам, я быў па нейкіх справах у Маскве і там у кнігарні на вуліцы Горкага натрапіў на новы зборнік вершаў Аркадзя Куляшова «Новая кннга» (на рускай, зразумела, мове). I цяпер бачу перад сабой яе стракатую вокладку. Набыў кнігу, прыехаў дадому і неўзабаве пры сустрэчы паведаміў пра гэта Аркадзю Аляксандравічу. Ён не толькі зацікавіўся, але неяк неспадзявана (для мяне) узрушыўся, папрасіў прынесці кнігу яму. Я прынёс, пакінуў. Прычыну яго ўзрушэння зразумеў пазней, калі даведаўся, што гэтую кнігу вершаў спачатку прыхільна сустрэлі ў Маскве, пераклалі на рускую мову і выдалі, а толькі пасля гэтага вершы з яе друкаваліся ў Беларусі на роднай мове.

Потым, калі я адпрацаваў тры гады настаўнікам на Палессі, а ў канцы 1960-х гг. вярнуўся ў Мінск, каб працягнуць працу і паступіць у аспірантуру, менавіта Аркадзь Аляксандравіч дапамог мне зноў прапісацца ў Мінску, угаварыўшы Андрэя Макаёнка, тады галоўнага рэдактара часопіса «Нёман», залічыць мяне на працу ў рэдакцыю літсупрацоўнікам. Працаўладкаванне гарантавала прапіску. «Я хаце абавязаны прапіскаю», – пісаў А. Куляшоў, а я абавязаны прапіскаю самому паэту. Вось і такія бываюць павароты жыцця.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page