Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
КАРОТКІЯ СУСТРЭЧЫ
Успаміны Алеся Бачылы
1984 ........................................
Мы не былі блізкімі сябрамі, хоць па ўзросту недалёка адыходзілі адзін ад аднаго. Розніліся ў іншым: калі ён хадзіў у вядомых паэтах і меў некалькі выдадзеных зборнікаў вершаў і паэм, я толькі пачынаў друкавацца. Да таго ж ён нідзе ў рэдакцыях не працаваў – і нашы літаратурныя сцежкі не перакрыжоўваліся. Перакрыжоўваліся толькі інтарэсы. Я захапляўся яго вельмі свежымі і цікавымі вершамі з цыклу «Юнацкі свет», паэмамі «Васіль Баранаў», «У зялёнай дуброве». I пры выпадковых сустрэчах пазіраў на яго амаль як на жывога класіка. А сустрэчы гэтыя і сапраўды былі выпадковыя. Я працаваў не ў Мінску, а на раёне, таму прыязджаў у сталіцу раз у тыдзень або ў два тыдні, каб зайсці ў рэдакцыю і паказаць напісанае. А ў рэдакцыях тады працавалі Э. Самуйлёнак, Хв. Шынклер, А. Кучар, у літкансультацыі Саюза пісьменнікаў – П. Глебка. Вось з імі мне і даводзілася мець справу.
А ў верасні 1939 года перад вядомым вызваленчым паходам у Заходнюю Беларусь убачыў я Аркадзя Куляшова ўжо ў вайсковай форме – у доўгім салдацкім шынялі і вялікіх салдацкіх ботах, якія пры яго невысокім росце здаліся мне занадта ж цяжкія. А мо яны і сапраўды былі такія – не было часу, каб пашыць па мерцы. Толькі вясёлыя іскрынкі ў вачах гаварылі пра неўтаймоўную энергію гэтага чалавека.
Праз два месяцы на вайсковую службу быў прызваны і я і апынуўся спярша ў Куйбышаве, а затым – у невялічкім прыморскім гарадку. У першыя месяцы службы было не да вершаў – трэба было ўцягвацца ў штодзённую армейскую загартоўку. А ўцягнуўшыся, заўважыў, што можна выкраіць і некалькі хвілін для паэзіі, схаваўшыся дзе-небудзь у кутку ад цікаўных салдацкіх вачэй. Як-ніяк я ўжо меў званне зампалітрука і меў магчымасць выкраіць сабе патрэбныя вольныя хвіліны. Пакрысе ад страфы да страфы вырастала невялічкая паэмка з армейскага жыцця. Яе я і паслаў у Мінск. Адказу давялося чакаць нядоўга. I вось я радасны трымаю ліст, падпісаны самім Аркадзем Куляшовым. Нават калі б ён раскрытыкаваў маю працу, усё роўна мне было б прыемна, што гэта крытыка зыходзіла ад яго. На сённяшняе разуменне мая армейская паэма была вельмі ж слабая. Аднак рэцэнзент падтрымаў мяне, заахвоціў за тэму і спробу на матэрыяле армейскага жыцця вырашыць псіхалагічны канфлікт. Былі, вядома, заўвагі і сур’ёзныя. Але галоўная ўвага скіравалася на тое, як паправіць твор, каб ён мог быць надрукаваным. Але ўжо на папраўку не заставалася часу – пачалася вайна. Спярша – паход у Іран, а затым – цяжкая абарона на Керчанскім паўвостраве. А ў маі 1942 года – адступленне з Крыма. У абстаноўцы вайсковай неразбярыхі прапала і мая палявая сумка, у якой ляжалі мае творчыя практыкаванні. Паэмкі, як слабай, мне не шкада, а вось куляшоўскага ліста вельмі шкада. Во гэта было першае сведчанне яго ўвагі да маёй працы.
Не ведаю, ці ёсць тут якая-небудзь заканамернасць, але так ужо здарылася, што і другая падтрымка таксама была звязана з яго іменем. Было гэта ў першыя пасляваенныя гады. У рэспубліканскім і саюзным друку ішлі спрэчкі пра шляхі далейшага развіцця паэзіі, крытыкавалася захапленне асобных паэтаў фармальнымі пошукамі. Праблемам развіцця паэзіі прысвячаўся і рэспубліканскі пленум Саюза пісьменнікаў. Асноўны даклад рабіў Аркадзь Куляшоў. Звычайна ў афіцыйных дакладах у першую чаргу хваліліся творы пісьменнікаў імянітых, не раз хваленых у друку і прывучаных да пахвалы. Аркадзь Куляшоў смела рушыў гэтую завядзёнку. Твораў, напісаных старэйшымі таварышамі, ён, вядома, не абышоў упамінаннем, аддаючы даніну традыцыі, але асноўны акцэнт у дакладзе зрабіў на адкрыцці новых імён. I для шмат каго з прысутных была нечаканай тая вялікая ўвага, якая адводзілася дакладчыкам Міколу Засіму, і тая высокая ацэнка, якая давалася яго творчасці, яго своеасабліваму адметнаму таленту. А калі зайшла гаворка пра тое, што беларускай літаратуры, якая грунтуецца на народнай глебе, увогуле неўласцівы фармалізм, для пацверджання сваёй думкі дакладчык поўнасцю працытаваў мой верш «Возера». I працытаваны верш зрабіў на прысутных пэўнае ўражанне. У перапынку шмат хто з сяброў віншаваў мяне з поспехам: як жа – сам Куляшоў пахваліў! За пахвалу мне было прыемна, а за сяброў – дзіўнавата: гэты ж верш быў даўно надрукаваны, і ніхто раней не заўважыў яго, а вось заўважыў А. Куляшоў – і ўсе заўважылі. А не заўважыў бы – так і застаўся б ён у невядомасці. Парадаваўся я і за Міколу Засіма, якога ўпершыню так высока ацанілі.
Сяму-таму, хто прывык да ўпамінання «абоймы» вядомых імён, даклад прыйшоўся не па душы. Гэта адразу адчулася ў кулуарных размовах. Дакладчыка дакаралі ў суб’ектыўнасці, аднабаковасці пры адлюстраванні агульнага літаратурнага працэсу. Аднак новае імя, упершыню так грунтоўна прадстаўленае А. Куляшовым, засталося ў памяці ўсіх удзельнікаў пленума. Забягаючы наперад, зазначу, што творчасць М. Засіма сваёй адметнасцю спадабалася і такому патрабавальнаму паэту, як А. Твардоўскі. Неўзабаве вялікую падборку вершаў М. Засіма ён пераклаў на рускую мову і надрукаваў у «Новом мире». Тым самым была падтрымана ацэнка, дадзеная А. Куляшовым гэтаму своеасабліваму самабытнаму паэту-самародку. Хоць пазней Мікола Засім і не стварыў нічога лепшага за свае ранейшыя творы, аднак А. Куляшоў сваіх поглядаў на паэта не памяняў. Ён быў не з тых, хто мог лёгка і бяздумна мяняць свае ацэнкі, бо ніколі не кіраваўся кан’юнктурнымі меркаваннямі. Гаварыў тое, у чым быў цвёрда перакананы і ў што без сумненняў верыў.
Маючы бездакорны мастацкі густ, ён і сабе не даваў палёгкі: кожны новы твор вывяраў на таварышах.