top of page

ЖЫЦЦЁ

УСПАМІНЫ ПРА КУЛЯШОВА

2009 ..........................

ЧАТЫРЫ НЕЗАБЫЎНЫЯ СУСТРЭЧЫ
Успаміны Віктара Галайды
 

На паўднёвым захадзе Касцюковіцкага раёна, непадалёк ад прыгажуні Бесядзі размясцілася вялікае, вуліц ці не на дзесяць паселішча, якому ў свой час быў нададзены статус мястэчка і было прыпісана праводзіць у ім два кірмашы на год: першы на Ілью, гэта значыць на другі дзень жніўня, другі – на дзевятае лістапада, у Змітраў дзень.

Кірмашы звычайна праходзілі вельмі святочна, асабліва на Ілью. На пляц да каменнага будынка прыгожай пяцікупальнай царквы з’язджаліся і сыходзіліся людзі не толькі з усяе Касцюкоўшчыны, але і з суседніх раёнаў Гомельшчыны, Чарнігаўшчыны і Браншчыны. Мястэчка было не толькі цэнтрам сельсавета і калгаса (а як да ўзбуйнення, дык ажно некалькіх!), але і мела шмат розных дробных прадпрыемстваў, крамаў, асабліва да Вялікай Айчыннай вайны. Апроч царквы, якая была закрыта ў канцы саракавых гадоў, тут была сінагога, бо амаль палову насельніцтва складалі яўрэі, амаль усіх у час вайны расстралялі немцы.

Назва гэтаму мястэчку – Саматэвічы. Менавіта тут 6 лютага 1914 года ў сям’і мясцовых настаўнікаў Куляшовых і нарадзіўся хлопчык Аркадзь, які праз гады дасягне такіх вяршынь у беларускай паэзіі, што стане двойчы лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР, шматлікіх літаратурных прэмій Беларусі, больш як трыццаць гадоў запар будзе выбірацца дэпутатам Вярхоўнага Савета рэспублікі, зойме пачэснае месца ў кагорце паэтаў-класікаў, стаўшы чацвёртым народным – пасля Янкі Купалы, Якуба Коласа і Петруся Броўкі.

Я добра памятаю Аркадзя Аляксандравіча, хаця сустракацца з ім мне, на вялікі жаль, давялося ўсяго чатыры разы. Памятаю яго голас, добразычлівыя і слушныя парады, яго цікавасць да родных мясцін, аб чым мы гутарылі ў хвіліны нашых кароткіх сустрэч.

Асабліва добра памятаю нашу першую сустрэчу.

Вясной пяцьдзесят другога года, ледзь толькі растаў снег, я, як і ўсе мае аднакласнікі, пайшоў у школу басанож. I ў першы ж дзень прабіў нагу нейкай жалязякай. Нага тады зажыла, а вось летам раптам падэшва паднялася пухіром і пазелянела – пад скурай утварыўся вялізны нарыў.

Мой дзед тады працаваў у калгасе конюхам, таму запрог коніка і хутка паімчаў мяне ў Саматэвіцкую сельскую бальніцу, якую я ўжо ведаў, бо ляжаў там аднойчы хвору на шкарлятыну. Прывязалі коніка да плота, дзед панёс мяне ў амбулаторыю. Тут я зноў пабачыў знаёмага доктара Каласоўскага. Гэта быў некалі асабісты доктар сям’і пана Галынскага, вотчынай якога да рэвалюцыі былі Саматэвічы і некалькі навакольных вёсак. Пан спецыяльна непадалёк ад свайго маёнтка (да вайны ў ім была школа, якая потым згарэла) пабудаваў для сям’і доктара вялізны, прыгожа аздоблены дзіўнаю разьбою дом з рознымі гаспадарчымі пабудовамі. А так як Каласоўскі, якога ўсе ветліва называлі Яўмен Захаравіч, разам з жонкаю Апалінарыяй Захараўнай прыхільна аднёсся да рэвалюцыі і адразу ж пачаў бясплатна лячыць беднякоў, новая ўлада яго не чапала, і дом, які ўсё ж хацелі адабраць пад нейкі камбед, не канфіскавалі.

Калі мы ўвайшлі ў маленькі, але чысценькі і ўтульны пакой доктара, той завіхаўся каля маладога мужчыны, які сядзеў у дзівосным крэсле з разяўленым ротам. У руках доктара былі нейкія блішчатыя абцугі.

– Я, самаець, не зубны доктар, аднак вырваць зуб усё ж змагу, – і ён дзіўна пашавяліў доўгімі сівымі бровамі. – Як жа не памагчы знакамітаму земляку, тым больш сыну лепшага сябра.

Дзед мой, таксама Яўмен, добра ведаў Каласоўскага, таму адразу ж увязаўся ў размову.

– Я гляджу, дык ці не Ляксандры Куляша сынок, а Захарыч?

– Ён, ён, – Каласоўскі зноў павёў бровамі, усміхнуўся, – прыехаў вось на радзіму, а тут зуб. Ну, трымайся, паэт…

Я ўздрыгнуў: паэт? Ага, дык гэта ж Аркадзь Куляшоў, пра якога расказвала нам настаўніца Ганна Гаўрылаўна!

Я адно разявіў рот. Я бачу жывога паэта!

Калі Куляшоў злез з крэсла, я ледзь не ўскрыкнуў: ён быў невысокага росту і даходзіў Каласоўскаму ўсяго ці не да грудзей.

– А мой жэўжык таксама вершыкі сачыняе, – адразу ж пахваліўся дзед, – а ну-ка, пачытай, хай Ляксандрыч скажа, ці варта табе мазгі калабродзіць... – дзед паляпаў мяне па плячы.

Але ці я неяк нялоўка ступіў на хворую нагу, ці, можа, ад нечага іншага, але я раптам скрывіўся так, што з вачэй пасыпаліся слёзы.

– Ну, во!.. Як дзеду з бабай, дык аж вылузваецца, чытае як артыст, – дзед усміхнуўся, – а перад чужым адразу ў слёзы.

– А слёзы пусціць таксама трэба ўмець. Праўда, малы?.. – Аркадзь Аляксандравіч, усё яшчэ мацаючы за апухлую шчаку, падаў мне руку, – давай знаёміцца, ці што.

А праз хвілінку я ўжо чытаў свой першы, і на той час адзіны, верш «Зіма».

– Малайчына, – сказаў Куляшоў і, выцягнуўшы з кішэні штаноў маленькі блакноцік, нешта стаў пісаць. Потым вырваў паперку і падаў дзеду.

– Калі будзе магчымасць, напішыце, калі ласка, мне па гэтым адрасе. Разам прышліце і новыя вершы, калі, вядома, хлопчык будзе прадаўжаць пісаць іх. Думаю, што ў яго нешта ёсць, трэба толькі працаваць.

На жаль, у той жа дзень гэты шматок паперы дзед згубіў на стайні, і яго, нават нягледзячы на напісанае, скурыў напарнік дзеда Сідар Бясцэнны...

Такім чынам, доўгі час ніякай сувязі з паэтам у мяне не было. I толькі пасля таго, як у Саматэвічах узвялі двухпавярховы будынак новай дзесяцігодкі, дзе я вучыўся яшчэ цэлых чатыры гады, я зноў пабачыўся з Куляшовым.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page