top of page

ЖЫЦЦЁ

УСПАМІНЫ ПРА КУЛЯШОВА

2005 ....................................

КРЫНІЦА НАДЗЕІ
Успаміны Пятра Прыходзькі
 

Ішло лета 1938 года. На ўсё жыццё яно мне запомнілася не так цёплым надвор’ем, пышным цветам і звонам каласоў у полі, як самай цёплай і шчырай сустрэчай з паэтам-земляком Аркадзем Аляксандравічам Куляшовым, хоць гэта была і не першая сустрэча.

Мне выпала шчасце пазнаёміцца з ім у самым раннім маленстве. Мы, тутэйшыя вясковыя хлопчыкі, юнакі, былі заўсёды разам і бясконца радаваліся кожнаму яго прыезду, кожнай сустрэчы. Сюды з недалёкіх ускраін, прыбрэжных вёсак – Альшова, Багданаўкі, Елаўца – у басаногі чэрвень збягаліся мы, каб з крутога берагу нырнуць у пеністы, глыбокі вір. Тады Бесядзь была, здаецца, крыху шырэйшай. Цяпер чамусьці павузела, памялела. Пэўна, стала меней слёз ад той «кані», якая яе «наплакала». Але і цяпер, як заўжды, як сотні і тысячы год назад, яна бруіцца, жыве паўнакроўным жыццём.

Абапал Бесядзі раскінуліся шырокія зялёныя лугі, усыпаныя яркімі рознакаляровымі краскамі. А на самым беразе, у цэнтры гарадскога пасёлка Хоцімск, шуміць багаты ліпнёвы парк. У 1919 годзе тут была створана адна з першых на нашай зямлі Камуна, якая стала затым перадавым калгасам у раёне – «Трэці Інтэрнацыянал».

 

Гармонік новы, басовы рып.

Ліпнёвы вечар у цвеце ліп.

Бялявай стужкай вакол мястэчка

Віецца ў змроку, бруіцца рэчка.

З нябёс маўклівых глядзяцца зоры,

Адлюстраваны ў рачным прасторы...

 

Дзе быў напісаны гэты верш маладым паэтам – у Хоцімску ці ў Саматэвічах, у Мсціславе ці ў Касцюковічах? Гэта не так важна. Важна тое, што гэта быў верш пра нашы родныя мясціны, і мы пачулі яго ўпершыню ад маці паэта, сваёй настаўніцы Кацярыны Фамінічны.

Школа наша стаяла на самай ускраіне вёскі Альшоў, што прытулілася на ўзбярэжжы ціхай рачулкі Альшоўкі якраз там, дзе яна ўпадае ў Бесядзь. Вёска гэта тады налічвала больш за дзвесце двароў, розных па сваёй велічыні, – багатых пяцісценак, пакрытых чырвонымі дахамі, і бедных хацінак пад саламянымі стрэхамі. Каля кожнай хаціны бялелі вясной сады і садочкі. Выйдзеш уранку на вуліцу, глянеш направа, глянеш налева – вуліцы, здаецца, няма канца. Адной ускраінай яна ўпіраецца ў мястэчка Хоцімск, у Бесядзь, а другой – у суседнюю вёску Гаўрылоўку, што стаіць каля самай мяжы, дзе пачынаецца ўжо другая рэспубліка – вялікая руская зямля.

Дзяцей у нашай вёсцы было многа, а школа адна. I ўсіх нас вучыла Кацярына Фамінічна Ратабыльская – Куляшова – наша любімая і паважаная настаўніца. Любілі мы яе і за ласку, і за строгасць. Яна была вельмі ўважлівай і ў той жа час вельмі патрабавальнай. Але аб гэтым крыху пазней.

Усіх нас, старэйшых і самых маленькіх, ускалыхнула да глыбіні душы адна нечаканая вестка. Да нашай настаўніцы, у вёску Альшоў, на вясеннія канікулы, прыехаў сын – студэнт Мсціслаўскага педагагічнага тэхнікума – малады паэт Аркадзь Куляшоў. Мы ведалі, што ў нашай настаўніцы ёсць сын, якога мы яшчэ не бачылі. А вось тое, што ён шаснаццацігадовы паэт – аўтар кнігі паэзіі – для ўсіх нас было нечаканасцю.

Гэтая вестка ўзрадавала ўсіх вучняў і настаўнікаў школы. Мы паглядзелі на Кацярыну Фамінічну, калі яна ўвайшла ў клас, з нейкай асаблівай увагай, з яшчэ больш высока ўзнятымі галовамі. У нашай настаўніцы сын – паэт. I ён тут цяпер, сярод нас. Мы вось сядзім на ўроку, а ён у другім пакойчыку, дзе жыве яго маці, у самой школе, штосьці піша, творыць. Убачыцца б з ім. Паглядзець бы хоць на яго. Да нашага захалусця, да глыбіннай заімшэлай вёскі, якая знаходзіцца за 50 кіламетраў ад чыгункі, ад станцыі Камунары, не прыязджаў яшчэ ніводзін з паэтаў, пра якіх нам расказвалі ў школе, якіх мы чыталі.

 

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page