Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
ШЧОДРАЕ СЭРЦА
Успаміны Антона Бялевіча
1970 .......................................
Марознай зімой 1942 года з Калінінскага фронту ў Маскву на некалькі дзён прыехаў Аркадзь Куляшоў. Ён зайшоў у рэдакцыю газеты «Савецкая Беларусь», якая тады размяшчалася ў двух цесных пакойчыках камбіната «Известий».
– Давай сходзім, – прапанаваў ён, – да Мікалая Мікалаевіча Асеева.
Паэму Мікалая Асеева «Маякоўскі пачынаецца» я чытаў, яна мне дужа спадабалася. Чытаў я асееўскія паэмы «Сінія гусары» і «Сямён Праскакоў». У іх з глыбокім лірызмам услаўлены рыцары рэвалюцыйнага подзвігу – дзекабрысты і герой грамадзянскай вайны Сямён Праскакоў. Многія асееўскія лірычныя вершы былі ў маёй памяці, жылі ў маім сэрцы, а самога аўтара я ніколі яшчэ не бачыў...
– Пайду з вялікай ахвотаю, – кажу Куляшову. – Толькі з чым жа мы пойдзем? Трэба ўзяць нешта...
– А ці спадабаецца гэта Асееву? – А потым, задумаўшыся, кажа: – Толькі каб не кідалася ў вочы, будзем бачыць па абставінах.
Захапіўшы сёе-тое ў магазіне, мы паехалі.
Спаткаў нас Мікалай Мікалаевіч вельмі ветліва.
– Распранайцеся, даражэнькія беларусы, сядайце. Вось вам папяросы. Курыце... З вашага дазволу адлучуся на хвіліначку.
I ён выйшаў са свайго халоднага, прасторнага кабінета, застаўленага стэлажамі, на якіх было многа кніг, часопісаў, ёмістых папак з рукапісамі.
Неўзабаве ён вярнуўся з пачастункамі. На пісьмовы стол паставіў гранёны маленькі графінчык, маленькія кругленькія, як жалуды, чарачкі. На талерцы ляжалі тоненькія скрылікі хлеба, сыру.
– Частуйцеся, даражэнькія, – наліваў ён у тыя жалуды-чарачкі наліўку. – Чым багаты, як гаворыцца, тым і рады... – Ён усё нам падліваў, падкладваў, а сам толькі прыгубіць чарачку...
А я ўжо даўно заўважыў, што пушысты, зіркаты сібірскі кот прынюхваецца да майго палітона на вешалцы. Нюхаў, нюхаў, а пасля ўчапіўся кіпцюрамі ў мой палітон.
– Не чапай! Васіль, ідзі да мяне! – закамандаваў гаспадар сібіраку. Але кот не слухае.
– Што ж гэта, даражэнькія, – пытаецца Мікалай Мікалаевіч, – ён у вас там пранюхаў?
– Каўбаса там у кішэні, – адказваю. – Ёсць і да каўбасы.
– А няўжо?! – адразу павесялеў Асееў. – А куды ж вы несяце гэта дабро?
– Да вас прынеслі, Мікалай Мікалаевіч... Ды вось... Можа трошкі яно... няёмка?..
– Ёмка! Вельмі ёмка!
I ў гэтым шчырым прызнанні я зноў убачыў праўдзівую, чыстую душу гасціннага гаспадара.
Я дастаў на стол усё, што было ў кішэні.
I зноў замітусіўся гаспадар. Тонка, пчолкаю зазвінеў на стале самавар, паявіліся большыя чаркі.
– А мы па-руску, па-беларуску, чым хата багата, як у той песні пяецца, – гаварыў ён і тут жа перайшоў да паэмы «Прыгоды цымбал», пачаў расказваць, як цікава яму яе перакладаць, як уразіла, зачаравала яна яго сваёй вялікай, суровай праўдай, крыштальнай чысцінёю народных матываў.