Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
В. Куляшова
«ЗАЙЗДРОШЧУ Я МАСТАМ...»
1995 .....................................
Песня Ігара Лучанка «Алеся», што загучала на пачатку сямідзесятых, імгненна стала шлягерам.
Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманны,
Палынны жаль смугой ахутаных дарог,
Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны
Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог... –
гучала адусюль, уражваючы слухача не толькі прыгажосцю мелодыі, але і незвычайнай чысцінёй і пяшчотнасцю эмоцыі, якую несла паэтычнае слова. Аўтару яго, Аркадзю Куляшову, чалавеку амаль «юбілейнага ўзросту», пачалі тэлефанаваць сябры – аматары яго паэзіі. Пасля традыцыйных для самой сітуацыі слоў захаплення нязменна надыходзіла чарга такое заўвагі:
– Я не думаў(-ла), што ты такі малады душой!
– Добра ж ты ведаеш маю паэзію... – гучала ў адказ, з чым субяседнік, не адчуваючы іроніі, спяшаўся пагадзіцца, пакуль аднойчы аўтар не вытрымаў і не ўдакладніў:
– Шчыра кажучы, я напісаў гэты верш (у аснову песні «Алеся» лёг верш «Бывай!..», напісаны ў 1928 годзе. – В.К.) чатырнаццацігадовым...
Чатырохгадовым, у імкненні паквітацца з дарослымі за крыўду, мой бацька, Аркадзь Куляшоў, падпаліў хату крыўдзіцеля. Пра жудасны пажар восені васемнаццатага, калі выгарала палова мястэчка, мне ў сярэдзіне сямідзесятых расказвалі бацькавы аднавяскоўды, калі я яшчэ не ведала, а яны ўжо забыліся, каму былі абавязаныя такой бядою.
Усведамленне бяды, якую ён прынёс землякам, абудзіла самасвядомасць будучага паэта. «Так детство кончилось. Он прежним больше не был», – скажа Аркадзь Куляшоў, пераносячы свой псіхалагічны вопыт на героя, шасцігадовага хлапчука, што імгненна пасталеў пад бомбамі і агнём кулямётаў, у вершы «На Минском шоссе», напісаным у сорак першым для франтавой газеты.
У 1973 годзе, на схіле жыцця, прадчуваючы, мабыць, свой скрушны лёс і ўжо не спадзеючыся на большае ў творчасці, бацька напісаў цыкл вершаў, сярод якіх – «Зайздрошчу я мастам»
Зайздрошчу я мастам, не іх канструктарам,
Дарогам, па якіх да нашых дзён
Імчаць саставы з посвістам і грукатам,
Не помнячы праслаўленых імён.
Хачу, каб так і слова –
не жалезнае,
Знаёмае з пакутай і слязьмі, –
Ад славы і імёнаў незалежнае,
Трымала сувязь з часам і людзьмі.
А аўтар хто? Дзе рос? Як празываецца?
Ёсць весткі альбо там яны ляжаць,
Дзе ўжо нічога ўслых не вымаўляецца? –
Знаць важна, але можна і не знаць.
Верш гэты – паэтычнае крэда сталага Куляшова. Ідэя ананімнасці творчасці, якую аўтар выказвае як дапушчальную ў адносінах і да ўласнай, выцякае з яго поглядаў на месца паэта ў грамадстве. Сэнс яго дзейнасці Куляшоў бачыць у вышках творчай працы. Свае думкі паэт выказвае афарыстычна, не тлумачачы. Прастатой яны могуць збянтэжыць чытача з тых, хто шукае мастацтва не ў глыбіні проста выказанай думкі, а ў мудрагелістасці самацэльнай формы. Прапаную расшыфроўку аўтарскага крэда, «запазычаную» ў вядомага рускага журналіста і філосафа пачатку стагоддзя В.М. Мураўёва, рэпрэсіраванага на пачатку трыццатых. Пра апошняе ўзгадваю, каб не тлумачыць, чаму равеснікі майго бацькі ў культуры, асабліва з вясковых, не маглі стаць нашчадкамі грамадскай думкі дзеячаў перадрэвалюцыйнага пакалення. Плён працы апошніх вяртаецца да нас толькі сёння. Таму, сутыкаючыся з іх думкай, ацэньваеш у куляшоўскай не толькі глыбіню, але і яе самастойнасць.