top of page

ТВОРЧАСЦЬ

ЛІТАРАТУРНА-КРЫТЫЧНЫЯ
АРТЫКУЛЫ

1989 .................

М. Губернатараў
АСАБЛІВАСЦІ ПАЭТЫКІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА

 

Аркадзь Куляшоў па праву лічыцца зоркай першай велічыні на небасхіле шматацыянальнай савецкай паэзіі. Прагна ўбіраючы ў сябе лепшыя здабыткі народнай паэзіі, развіваючы самыя каштоўныя дасягнегненні нацыянальнай і братніх літаратур, лірыка Аркадзя Куляшова ўзнялася на недасягальную эсгэтычную вышыню. «Шырыня ідэйнага далягляду, асваенне незвычайных для ранейшага Куляшова вечных, агульначалавечага значэння тэм: жыцця і смерці, кахання і творчасці, сучаснага і невымерных даляў камуністычнай будучыні – вось што галоўным чынам пазначыла новы этап у паэзіі Куляшова – адной з вяршынь савецкай паэзіі ў цэлым».

Арганічнасць светапогляду А. Куляшова, мэтаімкнёнасць яго мастацкіх пошукаў, самога руху таленту прадвызначылі тое, што яго герой даваеннай пары ў многім блізкі герою сучаснаму. У неабдымным, планетарна-маштабным свеце апошняга, шырока разгорнутым у прасторы і ў часе, з яго складанай дыялектыкай сучаснасці, даволі жыва адчуваецца эмацыянальна-рамантычнае пачуццё рэвалюцыйнай маладосці, якое надае творам паэта глыбокую душэўную пранікнёнасць, мастацкую пераканаўчасць і актыўнасць. Менавіта таму ў апошні час асабліва ўзрасла цікавасць да ранняй паэзіі Аркадзя Куляшова.

У паэмах, змешчаных у перадваенных зборніках («Мы жывём на граніцы», 1938; «У зялёнай дуброве», 1940), упершыню па-сапраўднаму шырока і шматгранна раскрыліся найбольш характэрныя асаблівасці таленту паэта, праявіліся адметнасці яго творчага метаду і стылю.

Сталым майстрам мастацкага слова Аркадзь Куляшоў адчуў сябе ў другой палавіне 30-х гадоў. У яго станаўленні вялікую ролю адыгралі многія фактары. I ў першую чаргу, зварот да народнай песні, да вопыту рускай класічнай літаратуры – да твораў Пушкіна, Някрасава, Твардоўскага, да лепшых здабыткаў нацыянальнай паэзіі – да лірыкі Купалы і Коласа. Гэта знайшло нагляднае выражэнне і ў самой структуры мастацка-выяўленчых сродкаў твораў А. Куляшова. У пераемніка Купалы рытм, фраза, інтанацыя валодаюць больш шырокім выяўленчым дыяпазонам, сваімі шляхамі вядуць углыб чалавечай душы. Частае «размагнічванне» рытмікі, яе шматлікія адгалінаванні, «празаізацыя верша, яркая экспрэсіўнасць фразы – асаблівасці паэтыкі Куляшова. У яго, як і ў Купалы, глеба адзіная – нацыянальная, аснова – фальклорная, але карэнні розныя. А. Куляшоў урастаў у гэту нацыянальную глебу карэннямі свайго пакалення, вопытам яго спраў, памкненняў і перажыванняў.

У якой бы ролі ні выступаў герой Куляшова даваеннай лірыкі: студэнта з яго неадольным жаданнем знайсці запаветны адрес («Бюро даведак») або шчыра закаханага сарамлівага хлопца, які «не прызнацца не мог» у сваіх пачуццях дзяўчыне-землямеру («Дружба»), – у кожнай новай сітуацыі перад намі цэльны, непаўторны характер, пазначаны прыкметамі свайго часу і асяроддзя.

Тое, што ўнутрана блізка паэту (першы трактар на сяле і непадробнае захапленне ім, святочныя каруселі, кранаючыя сустрэчы і растанні з сябрамі маленства і юнацтва, знаёмыя да самых што ні ёсць драбніц праявы школьнага жыцця, маляўнічыя карціны роднай прыроды, удзел у працоўных буднях любай краіны), глыбокімі карэннямі ўваходзіць у біяграфію цэлага пакалення, з якім вырас і ўзмужнеў паэт. Менавіта таму і стаў Куляшоў выразнікам духоўнага вопыту савецкай моладзі 30–40-х гадоў, што, дзякуючы паглыбленню ў інтымны свет героя, псіхалагічна тонка перадаў жывыя чалавечыя страсці, насычаныя пафасам рэвалюцыйных планаў і здзяйсненняў маладой Савецкай краіны.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page