top of page

ТВОРЧАСЦЬ

ЛІТАРАТУРНА-КРЫТЫЧНЫЯ
АРТЫКУЛЫ

1991 ............................................

А. Рагуля
ПРАЎДЫ СЛЫХ І ЗРОК

 

Аркадзь Куляшоў у беларускай літаратуры працаваў больш за паўстагоддзя. Без яго творчых набыткаў сёння нельга ўявіць сабе не толькі беларускую, але і ўсю шматнацыянальную савецкую літаратуру.

Даследчыкі неаднаразова адзначалі наватарскі характар творчасці А. Куляшова: яе сэнсавую і эмацыянальную глыбіню, узросшыя ёмкасці стылю, своеасаблівасць вобразных структур, у якіх надзвычай арганічна строгая чаканная форма з раскаванай і дынамічнай асацыятыўнасцю мыслення. Але не толькі ў гэтым адкрыцці паэта. Для сучаснікаў асабліва важнае значэнне мае чалавеказнаўчы змест творчасці А. Куляшова – духоўнасць, вывераная рэвалюцыяй у суровых выпрабаваннях вогненных год. Выказаць і асэнсаваць дзейсную сутнасць новага чалавека, сцвердзіць сфарміраваныя рэвалюцыяй вартасныя арыентацыі з мэтай мабілізацыі ўсіх творчых сіл асобы і грамадства – такую задачу перад сабой Аркадзь Куляшоў ставіў з першых крокаў у літаратуры.

Як і многія іншыя маладыя паэты ў канцы 20-х – пачатку 30-х гадоў, А. Куляшоў настойліва шукаў дзейснага самавыражэння ў лірыцы. Паэт, аднак, ніколі не замыкаўся ў сабе. У яго ранніх вершах можна знайсці матывы і рытмы, характэрныя для паэзіі П. Труса, М. Чарота, У. Дубоўкі, многіх рускіх савецкіх паэтаў. Нельга, аднак, скідваць з рахунку таго, што эстэтыка «Кузницы» і Лефа арыентавала маладых пісьменнікаў на фармалістычны вышук і натуралізм, а па характару свайго таленту А. Куляшоў быў паэтам філасофскага, баладнага мыслення. Гэта праявілася ў такіх вершах, як «Астраном», «Дарогі», «Бывай», «Сібір», «Цвік» і некаторых іншых, што ўвайшлі ў першыя зборнікі «Росквіт зямлі» (1930), «Па песню, па сонца!..» і «Медзі дождж» (1932). У паэме «Аманал» (1932) зроблена спроба гіпатэтычнага асэнсавання рэчаіснасці, у паэмах «Крыўда» (1931) і «Антон Шандабыла» (1934) малады паэт імкнуўся перадаць працэс пераплаўкі народнага гора і душэўнага болю ў энергію сацыяльнага дзеяння.

Творчы поспех да Куляшова прыйшоў не адразу. Паэт і сам адчуваў, што яго маштабныя задумы не знайшлі яшчэ сапраўды мастацкага ўвасаблення. «Разумею, – пісаў пазней А. Куляшоў, – што дрэнна, павярхоўна ведаю жыццё, а пра тое, што ведаю, пяю, як кажуць, не ўласцівым для мяне голасам».

Пераадолець уплыў канструктывістаў А. Куляшову дапамаглі традыцыі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Асабліва карысным для яго быў аналіз паэмы «Аманал», з якім Я. Колас выступіў у газеце «Літаратура і мастацтва» ў 1934 г. Вострая і прыхільная крытыка Я. Коласа падкрэслівала наватарскі характар пошукаў А. Куляшова. Шлях да паэтычнага ўзнаўлення новага жыцця А. Куляшову адкрывала, паводле яго ўласнага прызнання, і паэма А. Твардоўскага «Краіна Муравія». Не менш важнае значэнне мела шырокае знаёмства з фальклорам, гістарычнымі і лірычнымі песнямі. Эстэтыка фальклору, традыцыі Пушкіна, Някрасава, Купалы, Коласа дапамаглі А. Куляшову перадаць у творах глыбіннае адчуванне жыцця, яго вечнасці і непаўторнасці.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page