top of page

ТВОРЧАСЦЬ

ЛІТАРАТУРНА-КРЫТЫЧНЫЯ
АРТЫКУЛЫ

М. Арочка
ЭПІЧНЫ СВЕТ КУЛЯШОВА

 

1978 ..........................................

Класічна-вяршынны плён працы Аркадзя Куляшова, выдатнага эпіка, абавязвае нас уважліва зірнуць на павучальныя ўрокі перадваеннай яго паэматворчасці.

Знамянальна, што на пачатку вялікай дарогі ў эпас малады Куляшоў атрымаў аўтарытэтнае блаславенне Якуба Коласа. Трэба была незвычайная відушчасць, каб гаварыць аб таленавітых шуканнях паэта на падставе ранняй яго рэчы – «Аманалу». У яшчэ няўпэўненай хадзе быў распазнаны свежы поступ таленту, які здолее сам у будучым пераступіць праз многія выдаткі пошуку. Негатыўнае адпадзе, справа не ў тым. Важна, што Куляшоў, як засведчана Коласам, «ідзе нейкім новым, сваім шляхам, шукае новых сродкаў для рэалізацыі сваіх творчых замыслаў». Паэму «Аманал» Колас назваў «ступенькаю, каб падняцца вышэй».

На думку ж Пятра Глебкі, «пераломным» творам у паэзіі маладога Куляшова з’явілася самая ранняя яго паэма «Крыўда» (1930–1931). П. Глебка ўхваліў плённую арыентацыю на рэчыўна-зямныя пласты жыцця. Прыгадайце каларытны малюнак франтавога жыцця: «Афіцэры пілі гарэлку, казакі курэй лавілі... а пяхота анучкі сушыць вешала». Паэма як бы шукала набліжанасці да форм самога жыцця, уводзячы наўмысную празаізацыю радка, адступаючы ад «паэтызмаў», ад традыцыйнай рыфмоўкі, строфікі. Глебка перасцерагаў ад разбурэння саміх «асноў верша», што зводзіўся часта да прозы.

Аднак арыентацыя на натуральна-рэчыўныя пласты не пагражала Куляшову бяскрылай прыземленасцю. Справа ў тым, што ёй процістаяла, яе ўраўнаважвала другая тэндэнцыя – цяга да абстрагаванасці, умоўнай абагульненасці мыслення. Крайнасці, вядома, былі. Умоўнасць, абстрагаванасць лічыліся ў паэмах Куляшова праявай найбольш небяспечнай, наносна-кніжнай; перасцярогі ад шкоднага ўплыву канструктывістаў, на жаль, гранічылі з недаацэнкай і нават незразумелай бояззю ўсяго абстрагаванаўмоўнага ў паэтычным мысленні.

А між тым менавіта гэтай якасці абавязана перш за ўсё творчая сталасць Куляшова. На маю думку, яна – не столькі вынік уплыву Лугаўскога, як схільны лічыць і сёння некаторыя крытыкі, а ўнутраная адзнака самой прыроды эпічнага дару паэта. Хіба не гаворыць аб вялікіх задатках умоўна-абстрагаванага мыслення паэма «Крыўда»? Кампазіцыйна, падзейна, структурна – гэты твор наскрозь умоўны. Сапраўды, цяжка ўявіць, каб на самай справе дзесяць калек, ахвяр імперыялістычнай вайны, ішлі на працягу цэлых тыдняў і месяцаў з адной апантанай мэтай – адпомсціць генералам, што паслалі іх на бойню. Што ж, умоўнасць у першай паэме, магчыма, грашыла залішняй адцягненасцю. Магчыма, ёй не хапала акцэнтацыі сацыяльных першапрычын. П. Глебка сутнасць твора выказаў у форме крытычнага закіду: «I вось не тое, што вайна з’яўляецца сацыяльнай трагедыяй, а тое, што вайна калечыць чалавека як жывую істоту, і складае трагедыю ў гэтай паэме».

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page