Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
І. Аўласенка
МАНАЛОГ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА ПРА ГІСТАРЫЧНЫ ЛЁС
БАЦЬКАЎШЧЫНЫ
2013 ........
Драматычнае і супярэчлівае XX стагоддзе, на якое прыйшоўся жыццёвы шлях Аркадзя Куляшова, наклала істотны адбітак як на яго лёс, так і на творчую спадчыну. Аркадзь Аляксандравіч на ўласныя вочы быў сведкам і вялікіх дасягненняў гэтага веку, і вялікіх трагедый: ён засведчыў і першы палёт чалавека ў космас, і асваенне атамнай энергіі, і пранёс адчуванне пагрозы новага сусветнага канфлікту. У радках яго твораў гучаць і гонар за чалавечую годнасць, і мары аб будучых здзяйсненнях чалавецтва, і трывога за лёс наступных пакаленняў.
Станаўленне творчай асобы Аркадзя Куляшова праходзіла ўпоруч з асобнымі этапамі ў гісторыі Беларусі. Яго юнацтва, калі адбывалася фарміраванне маладога паэта, прыйшлося на хуткаплынны час беларусізацыі, а зварот да сацыяльных праблем супаў са складаным і трагічным перыядам 1930-х гг. Рэпрэсіі і Вялікая Айчынная вайна, забраўшы жыцці і пакалечыўшы лёсы многіх яго сяброў і паплечнікаў, у далейшым падштурхнулі паэта да асэнсавання цяжкага лёсу ўсёй нацыі.
Стаўшы сведкам многіх трагічных падзей, малады паэт паступова рабіў свае ўласныя высновы, адрозныя ад думак у рэчышчы афіцыйнай ідэалогіі. Аднак драматызм асобы Аркадзя Куляшова вызначаецца яшчэ і тым, што яго жыццё прыпала на складаны і супярэчлівы для творчага чалавека час. Чытаючы вершы паэта, задумваешся, наколькі глыбока ён адчуваў навакольную рэчаіснасць, як тонка прыкмячаў веянні новага часу, нават прадказваў будучыя падзеі. I разам з тым разумееш, што многія думкі аўтара так і засталіся нявыказанымі. Ва ўмовах адзінагалоснай падтрымкі курсу партыі, калі асабістыя смелыя думкі маглі лёгка стаць прычынай траўлі і наступнага заняпаду паспяховай творчай кар’еры, паэт часта не мог адкрыта выказаць тое, што хавалася глыбока ў яго душы. Жыццё ў такіх рэаліях прывучыла да асцярожнасці. «У суровы век жыву сурова», – адзначыў ён у адным са сваіх вершаў. Тым не менш у больш сталым узросце, калі пад невыносным ціскам памяці глыбокія душэўныя перажыванні часам прарываліся вонкі, ён ствараў такія незвычайныя творы, як цыкл вершаў «Маналог», паэмы «Варшаўскі шлях» і «Хамуціус», што з пэўнымі цяжкасцямі знаходзілі свой шлях да публікацыі, нават нягледзячы на вялікі аўтарытэт самога аўтара.
Напружаны роздум Аркадзя Куляшова ахопліваў і пройдзены гістарычны шлях Беларусі. I з цягам часу ён увасобіўся ў адзіны суцэльны маналог. Сапраўды маналог, бо думкі, якія выспявалі ў глыбіні душы аўтара, у тыя часы нячаста знаходзілі адкрыты водгук, а некаторымі было ўвогуле цяжка падзяліцца. Складваецца ўражанне, што яны, на жаль, толькі часткова былі адлюстраваныя ў творчасці.
I таму ўсю масу думак, ідэй, пачуццяў, перажыванняў аўтара можна параўнаць з айсбергам, большая частка якога схаваная ад чужога вока і адкрываецца то больш, то менш па меры руху хваляў.
Толькі ў агульным плане можна акрэсліць гэты ўнутраны маналог Аркадзя Куляшова. На жаль, паэт не пакінуў сістэматычных дзённікавых запісаў, а яго глыбінныя думкі толькі зрэдку прасочваліся ў размовах з асабліва блізкімі людзьмі. У гэтым плане каштоўнай крыніцай з’яўляюцца ўспаміны дачкі паэта Валянціны Аркадзьеўны Куляшовай. Многія думкі аўтара трэба чытаць паміж радкоў, а таксама неабходна ўлічваць гістарычны кантэкст, у якім былі напісаны яго вершы і паэмы. Уласны лёс паэта, праз які адбілася і трагічнасць усяго ХХ стагоддзя, з’яўляецца важным фактарам, які неабходна ўлічваць пры аналізе яго творчай спадчыны. Таму мэтазгодна разгледзець творчасць Аркадзя Куляшова скрозь прызму яго роздуму над гістарычным лёсам Беларусі.