top of page

ТВОРЧАСЦЬ

ЛІТАРАТУРНА-КРЫТЫЧНЫЯ
АРТЫКУЛЫ

А. Вішнеўскі
МІЛЬЁНЫ ЛЁСАЎ У АДНЫМ

 

2004 ......................................

Толькі пачынаеш згадваць у думках імя народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, як у памяці адразу ўсплываюць шмат якія яго творы. I тыя, што даўно сталі хрэстаматыйнымі, і тыя, якія, як кажуць, у кожнага «свае». Бадай, цяжка знайсці чалавека (ва ўсялякім разе, у нас, у Беларусі), які б не захапляўся цудоўнай песняй «Алеся», гатовы паўтараць услед за «Песнярамі»:

 

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.

Бывай, смуглявая, каханая, бывай.

Стаю на ростанях былых, а з паднябесся

Самотным жаўранкам звініць і плача май.

 

А гэта ж верш «Бывай...», напісаны Аркадзем Аляксандравічам яшчэ ў 1928 годзе, а ў сталым узросце аўтарам дапрацаваны і пакладзены на музыку Ігарам Лучанком.

Сапраўды, у мастакоўскай спадчыне А. Куляшова больш таго, што аднолькава блізкае і дарагое кожнаму аматару паэзіі, не кажучы пра тонкіх знаўцаў і ўлюбёнцаў яе. Ды і як жа інакш, калі напісанае ім – той неабсяжны свет, стыхію якога можна спазнаць ва ўсёй значнасці і велічнасці толькі тады, калі па-сапраўднаму далучышся да ягонай непаўторнасці, шматзначнасці і шматмернасці.

Акунешся ў гэтую неабсяжнасць і адразу зразумееш: нічога выпадковага, другаснага тут няма і быць не можа. Такі ўжо талент А. Куляшова – глыбінны, маштабны. Прытым – надзіва зямны. Гэты талент не дазваляў яму разменьвацца на дробязі, а даваў мажлівасць пісаць так, каб усё было дасканала і выглядала на высокім мастакоўскім узроўні. Адразу – непаўторна. I адразу – з праекцыяй у вечнасць.

У сувязі з апошнім сцверджаннем, праўда, могуць знайсціся ахвочыя запярэчыць: як жа, у такім разе, быць з асобнымі куляшоўскімі творамі, у якіх знайшлося месца «правадыру ўсіх народаў»? Як, у рэшце рэшт, ставіцца сёння да знакамітых «Камуністаў»? I да не менш вядомага «Камсамольскага білета»?

Наконт першых – усё проста. Скажыце шчыра, а хто з тагачасных паэтаў падобнага не пісаў? Хто з іх мог (выдаць чарговую кнігу, не прыгадаўшы імя «вяршыцеля людскіх лёсаў»? Складаней з «Камуністамі», «Камсамольскім білетам», дый некаторымі іншымі творамі А. Куляшова. Але складаней, калі мець на ўвазе толькі тэматыку іх. Праблематыка ж (безумоўна, калі ставіцца да зместу не толькі патрабавальна, але і зацікаўлена-шчыра, жадаючы па-сапраўднаму зразумець аўтара) такая, што думкі, якія выказвае паэт, не страцілі свайго значэння, хоць і ўспрымаюцца сёння часам у іншай інтэрпрэтацыі.

Услаўляў жа А. Куляшоў, пішучы гэтыя творы, сапраўдную адданасць ідэі, якой сумленны чалавек самаахвярна служыць («Камуністы»), паэтызаваў вернасць абавязку перад Радзімай («Камсамольскі білет»). А галоўнае – меў на тое права выказваць свае думкі менавіта так, а не інакш, як і мае на гэта права кожны чалавек. I яшчэ важна: і «Камуністы», і «Камсамольскі білет» – частка гісторыі беларускай савецкай паэзіі. Гісторыю трэба ведаць і шанаваць. Гісторыю літаратуры – не ў апошнюю чаргу. А яна без гэтых твораў атрымаецца прэпараванай, няпоўнай. Трэба імкнуцца да таго, каб па-новаму, з пазіцыі сённяшняга дня ацэньваць добра вядомае, тое, што яшчэ гадоў пятнаццаць назад успрымалася ледзь не агульнапрынятым эталонам.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page