top of page

ТВОРЧАСЦЬ

ЛІТАРАТУРНА-КРЫТЫЧНЫЯ
АРТЫКУЛЫ

2000 ...................

А. Бельскі
«...ХУТКАСЦЬ ДУМКІ... СТАГОДДЗЕ АБГАНЯЕ»

 

Паэзія Аркадзя Куляшова (1914–1978) увайшла ў залаты фонд беларускай літаратуры XX ст. «Новая кніга», якая ўбачыла свет у 1964 г., стала па-сапраўднаму наватарскай і засведчыла якасна новы перыяд у творчасці паэта. Зборнікі «Сасна і бяроза» (1970) і «Хуткасць» (1976) грунтоўна замацавалі за ім адно з галоўных месцаў у літаратуры.

Нарадзіўся будучы народны паэт Беларусі ў вёсцы Саматэвічы, што ў Касцюковіцкім раёне. Яго бацькі працавалі настаўнікамі ў школе. Паэтычны дар абудзіўся ў хлопчыка вельмі рана. У дванаццаць гадоў на старонках Клімавіцкай акруговай газеты «Наш працаўнік» ён надрукаваў свой першы вершаваны твор. А ў 1928 г., калі юнаму паэту было чатырнаццаць гадоў, у часопісе «Полымя» з’явіўся верш пра каханне «Бывай...». Гэты твор быў народжаны першымі і шчырымі пачуццямі да вельмі прыгожай дзяўчыны – Алесі Карыткінай. Вобраз першага кахання жыў у сэрцы Аркадзя Куляшова ўсё жыццё, і таму ён неаднойчы згадваў Алесю ў сваіх паэтычных творах, вяртаўся да раней напісаных радкоў пра сваё першае каханне, шліфаваў іх, даводзіў да філіграннасці гучання. Верш «Бывай...» стаў шэдэўрам выдатнага паэта і цудоўнай песняй (музыку напісаў Ігар Лучанок):

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.

Бывай, смуглявая, каханая, бывай.

Стаю на ростанях былых, а з паднябесся

Самотным жаўранкам звініць і плача май.

Закончыўшы ў 1928 г. сямігодку, А. Куляшоў пайшоў вучыцца ў Мсціслаўскі педтэхнікум. Тут ён пасябраваў з Юліем Таўбіным і Змітраком Астапенкам, якія таксама пісалі вершы, былі паэтамі-маладнякоўцамі, упэўнена ўваходзілі ў літаратуру. Яны ў сваім асяродку захапляліся творчасцю Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, цікавіліся рускай і сусветнай паэзіяй.

У 1931 г. малады паэт паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. А за год да гэтай падзеі выйшаў яго першы зборнік «Росквіт зямлі» (1930). У хуткім часе ўбачылі свет яшчэ некалькі кніжак А. Куляшова – «Па песню, па сонца!..», «Медзі дождж» (абедзве – 1932), паэмы «Аманал» (1933) і «Гарбун» (1935). У многіх вершаваных творах А. Куляшова адчуваюцца дыханне і рытмы свайго часу, выяўляецца радасць юнацкіх пачуццяў і рамантычных парыванняў у светлае заўтра. Аптымізм і мажор валадараць у радках паэта, які, зразумела, за чыстую манету прымаў тагачасныя ідэалагічныя заклікі ды ўстаноўкі. Драматычная праўда даваеннай рэчаіснасці, калі панавала атмасфера страху і недаверу, адбываліся рэпрэсіі, ішло рассяляньванне вёскі, заставалася па-за яго ўвагай. I таму не ўсё з напісанага вытрымала выпрабаванне часам.

Звяртаюць на сябе ўвагу вершы «Астраном» (1929) і «Як дзень адыходзіць...» (1930). У гэтых творах герой паэта рамантычна захапляецца панарамай далёкіх сузор’яў, верыць у тое, што зможа некалі весці дыялог з паэтам з іншай галактыкі, у якога гэтаксама «сэрца гарыць «. Ён нібы інтуіцыйна прадчуваў надыход касмічнай эры, калі «бясконцы сусвет далёкіх Цэнтаўраў і Львоў» зробіцца адкрытым і блізкім чалавеку. У нашу паэзію прыйшоў мастак аб’ёмнага, касмічнага погляду на свет. Філасофскі касмізм думкі, маштабнасць мыслення зрабіліся асноўнымі ў паэзіі А. Куляшова. Асэнсаванне месца чалавека ў Сусвеце, агульнапланетарным быцці знойдзе ўвасабленне ў яго творах 40–50-х гг. і пазнейшага часу (паэма «Хлопцы апошняй вайны», вершы «Зямля», «Пра Марс» і інш.). Канцэпцыя быцця і лёсу чалавека на Зямлі і ў Сусвеце стала асновай яго філасофска-паэтычнага светабачання і светаразумення.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page