Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
В. Бечык
ПАЭЗІЯ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА
1989 .....................................
Народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў належыць да тых выдатных мастакоў слова, чые творчасць і лёс непарыўна звязаны з лёсам Радзімы. Больш за паўстагоддзя ахоплівае літаратурны шлях, пройдзены паэтам, і на гэтым шляху ўсё галоўнае, істотнае ў жыцці нашай краіны знаходзіла яркае выяўленне ў яго вершах.
Паэзія Аркадзя Куляшова набыла найшырэйшае чытацкае прызнанне ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Апублікаваныя тады ў маскоўскіх газетах і часопісах творы беларускага паэта – а сярод іх былі паэма «Сцяг брыгады», вершы «Ліст з палону», «Камсамольскі білет», «Балада аб чатырох заложніках» – знайшлі ўсхваляваны і ўдзячны водгук у чытачоў. Гэта былі вершы сапраўды ўсенароднага гучання. Яны запальвалі сэрцы, з надзвычайнай пранікнёнасцю выяўлялі многае з перажытага мільёнамі савецкіх людзей у суровую пару ваеннага ліхалецця.
У пасляваенны час чытацкі інтарэс да творчасці Куляшова не слабее. Новыя творы паэта пацвярджалі яго рэпутацыю патрабавальнага мастака, вядучага размову аб надзённым і галоўным у жыцці свайго народа і накіраванага да агульначалавечых гарызонтаў. Уяўленні ўсесаюзнага чытача аб творчым абліччы ўзбагаціліся і ў выніку знаёмства з апублікаванымі ў розных выданнях «Избранного» творамі, напісанымі Куляшовым яшчэ ў 30-я гады, у пару творчага станаўлення.
«В звездной карте нашей поэзии поэтическая судьба Аркадия Кулешова идет по своей, заметной для всех, орбите, от «сладкого сна неопытной души» до углубленной озабоченности раздробленностью современного мира» – пісаў М.А. Дудзін. Шлях Куляшова адзначае дзівосная здольнасць паэта да самаабнаўлення, да раскрыцця ўнутранага свету савецкага чалавека ў новых ідэйна-сэнсавых і структурна-мастацкіх ракурсах, здольнасць адлюстроўваць пераменлівы малюнак народнага жыцця.
Гэты «дынамічны вобраз эпохі і вобраз сучасніка ў іх непарыўным развіцці і руху» ў паэзіі Куляшова ўвасоблены з «дзівоснай дакументальнай дакладнасцю і скульптурнай рэльефнасцю».
Таму шлях паэта выглядае мэтанакіраваным, усвядомленым, паслядоўным на ўсіх этапах, а асобныя творы выразна праглядаюцца ў агульнай перспектыве ўсяго творчага шляху як часткі, моманты значнага і адказнага паэтычнага лёсу.
Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст
1978 .................................................
Варлен Бечык
УРОКІ КУЛЯШОВА
Пісаць пра паэзію Аркадзя Куляшова заўсёды было мне лёгка і радасна. Вядома, я адчуваў пры гэтым і вялікую адказнасць, і цяжкасць задачы. Але ўсё роўна – станавілася неяк па-асабліваму светла і панаваў святочны настрой. Хацелася гаварыць незвычайна, нават урачыста. Акрыляла адчуванне вялікіх прастораў, духоўнай сілы і мастацкай велічы куляшоўскай паэзіі.
I заўсёды ўзнікала многа асабістых душэўных імпульсаў. Надта дарагім і блізкім было ледзьве не ўсё сказанае паэтам. Гэта быў той шчаслівы выпадак, калі творчасць паэта мне, чытачу, здаецца сваёй амаль у кожным слове, ва ўсіх галоўных уражаннях, пачуццях, жаданнях.
Асмельваюся гаварыць пра гэта з некаторымі аўтабіяграфічнымі падрабязнасцямі, каб паказаць, як часам прыходзіць да чытача паэтычнае слова і адгукаецца ў сэрцы.
Мабыць, ніхто іншы з паэтаў так не ўзрушыў і не запаланіў мяне ў дзяцінстве, як Аркадзь Куляшоў. Маёй першай прачытанай па-беларуску кнігай была яго паэма «Прыгоды цымбал». I мне ніколі не забыць таго шчасця захопленага чытання, што тады валодала мною.
Хацелася чытаць як хутчэй і ў той жа час зацягваць падарожжа па старонках кнігі, каб яно доўжылася і доўжылася.
Паэтычны свет, падзеі паэмы «Прыгоды цымбал» ускалыхнулі мяне тым, што ахапілі, здавалася, усё маё дзяцінства, мой небагаты жыццёвы вопыт, нават некаторыя абставіны лёсу. Гэта ж сапраўды са мною было ледзьве не так, як у паэме: і маці мая была «ў дуброве», у партызанах, і выратавала мяне чужая жанчына (светлая ёй памяць!), і амаль гэтак жа, як у паэме, пагражалі ёй пакараннем фашысты, і была ў нас нават «рагатая служка», з якой давялося развітацца...
Паэма вярнула мне ўспаміны пра ўсё гэта, дапамагла іх па-новаму прачуць і ўсвядоміць. I яна засталася той любімай, незабыўнай, запаветнай кнігай, якую я бярог і перачытваў усе школьныя гады.
Яшчэ адно незабыўнае ўражанне. Паміж шостым і сёмым класамі мне даверылі на лета школьную бібліятэку. Чытачоў прыходзіла мала. Затое сам я, загарэўшыся жаданнем прачытаць усе кніжкі, зноў дапаў да вершаў Куляшова і прабыў з імі ўсё тое лета. Раптам зноў адкрылася, што вершы – захапляльнае чытанне, і не проста чытанне, а нешта большае. Бо чытаеш – і іначай ужо глядзіш на свет, адкрываецца змест у самым простым, звычайным. Я нават хацеў тады напісаць пра гэта самому паэту, але не ведаў, як гэта зрабіць, ды і саромеўся.