top of page

ТВОРЧАСЦЬ

ЛІТАРАТУРНА-КРЫТЫЧНЫЯ
АРТЫКУЛЫ

2019 .........................................

Ю. Касцюк
У ДАРОЗЕ НЯСПЫННАЙ

 

Агляд творчасці Аркадзя Куляшова

 

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.

Бывай, смуглявая, бывай.

Стаю на ростанях былых, а з паднябесся

Самотным жаўранкам звініць і плача май.

 

Мала хто не ведае сёння гэтыя радкі з песні І. Лучанка «Алеся», у аснову якой пакладзены верш «Бывай», напісаны ў 1928 г. чатырнаццацігадовым юнаком. На час з’яўлення песні гэта быў ужо сталы беларускі паэт, аўтар соцень вершаў і дзясяткаў паэм – Аркадзь Куляшоў. Яркі прадстаўнік савецкай эпохі беларускай літаратуры А. Куляшоў быў адным з самых таленавітых і шырока вядомых беларускіх паэтаў ХХ стагоддзя. Выдатны майстар слова ў сваёй творчасці выявіў лёс цэлага пакалення, да якога належыў і сам.

Схільнасць да літаратурнай творчасці ў Куляшова выявілася вельмі рана, у чатырохгадовым узросце. Першыя вершы будучы паэт пісаў на рускай мове. Такіх вершаў назбіралася два вучнёўскія сшыткі, якія ён аб’яднаў пад назвай «Собрание сочинений Кулешова-Несчастного».

 

По морю лодочка несется,

А в ней красавица сидит.

Она в той лодке бьется,

На милого глядит.

 

Гэтае чатырохрадкоўе – самае ранняе з таго, што бацька Куляшова запомніў са складзенага тады. Будучаму паэту было ў той час шэсць гадоў.

У 1926 г. у Клімавіцкай акруговай газеце «Наш працаўнік» з’явіўся першы верш паэта на беларускай мове «Ты мой брат» (Куляшоў вучыўся тады ў шостым класе Саматэвіцкай сямігодкі). У наступныя гады яго творы змяшчаліся ў часопісах «Чырвоны сейбіт», «Маладняк», «Полымя», газеце «Чырвоная змена».

Аркадзь Куляшоў уваходзіў у паэзію імкліва – у час вучобы ў Мсціслаўскім педтэхнікуме (1928–1931) ён быў ужо вядомым паэтам. У 20-ці гадовым узросце паэт меў ужо тры зборнікі вершаў: «Росквіт зямлі» (1930), «Па песню, па сонца!» (1932), «Медзі дождж» (1932), якія расказвалі пра тое, што аўтар асабіста добра ведаў, і дзве паэмы: «Крыўда» (1930) – пра лёсы ўдзельнікаў першай сусветнай вайны і ўвогуле асуджэнне захопніцкіх войнаў, і «Аманал» (1932) – першая спроба ў галіне эпічнага жанру паказаць нэп, калектывізацыю, устанаўленне савецкай улады.

Новы ўзровень светабачання і філасофскага асэнсавання жыцця праяўляецца ў творчасці А. Куляшова ў другой палове 1930-х гг. У гэты перыяд з’явілася паэма «У зялёнай дуброве» – пра новае калгаснае жыццё, вызваленае ад прыватнаўласніцкіх путаў, і вершаваны цыкл «Юнацкі свет», дзе ўпершыню з выразнасцю і лірычнай непасрэднасцю паэт раскрыў свой уласны ўнутраны свет. Вершы гэтага цыкла: «Карусель», «Ельнік», «На сотай вярсце» – пра каханне, сустрэчы і растанні, пра радасць маладосці і салодкую самоту.

Аб сталасці паэта А. Куляшова сведчыла паэма «Хлопцы апошняй вайны» (1940), дзе выяўлялася прадчуванне набліжэння вайны.

У 1940 г., на першай Дэкадзе беларускай літаратуры і мастацтва, у Маскве ўпершыню пачулі цудоўныя вершы паэта. Вядомы беларускі скульптар Заір Азгур расказваў: «На трыбуну ўзышоў Аркадзь Куляшоў. Пачаў чытаць свае вершы…

 

Успамінаецца мой ціхі край забыты,

Дзе рос, дзе першы раз рукой нясмелай

Усё, што ў юным накіпела сэрцы,

Усе радасці дзіцячае пары,

Усё горкае ў таемны сшытак вынес…

I лёгка мне было, і плакаў я,

Таму што ўсё смяялася навокал,

Таму, што ў радасці не чуеш горкіх слёз,

I помніцца мне першае каханне;

З тых пор ніколі болей не кахаў

Так шчыра, і так лёгка, і так сумна…

 

…Бачыў я, як захваляваўся Аляксей Талстой, як добра засвяціліся яго вочы. У перапынку ён сказаў: «У Беларусі ёсць салавей паэзіі – гэта Куляшоў, – і, падумаўшы, дадаў, – Узрушыў мяне, сэрца маё крануў чараўнік паэзіі Куляшоў».

Значнай вяхой на творчым шляху А. Куляшова сталі вершы, напісаныя ў часы Вялікай Айчыннай вайны. «Дзень на перадавой, вечар у дарозе, ноч у зямлянцы, дзе пры цьмяным святле газоўкі пісаліся вершы, нарысы, артыкулы, заметкі. А раніцою ўсё гэта ўжо чыталася ў палках і на батарэях», – так пісаў пра работу франтавога журналіста рускі паэт А. Суркоў.

На старонках франтавога друку А. Куляшоў, карэспандэнт армейскай газеты «Знамя Советов», расказваў пра суровую праўду змагання з фашыстамі.

Да лепшых старонак беларускай паэзіі перыяду вайны належаць яго вершы «Млынар», «Балада аб чатырох заложніках», «Над брацкай магілай», «Ліст з палону», «Камсамольскі білет», «Маці» і інш. Назаўжды ў народнай памяці застануцца героі балад – дзеці і сястра камандзіра партызанскай брыгады Міная Шмырова, расстраляныя фашыстамі; безыменны кулямётчык, які на сваім участку стрымліваў наступленне фашысцкай дывізіі. Асабліва каштоўнае ў гэтых творах – псіхалагічная праўда пачуццяў пра перажытае і выпакутаванае чалавекам ва ўмовах ваеннага ліха, пра трагедыю беларускай зямлі.

Нават і сёння, калі зарубцаваліся раны, нарадзіліся і выраслі новыя пакаленні, якія не бачылі жахаў вайны, нельга чытаць без хвалявання куляшоўскі «Ліст з палону» – трагічны маналог беларускай дзяўчыны, вывезенай у Германію. Здаецца, што гэта сама Беларусь спавядаецца і кажа пра свой трагічны лёс, просіць заступіцца і абараніць яе ад рабства, кліча адпомсціць ворагу за патаптаны гонар і ўчынены гвалт.

Літаральна на перадавой у 1942 г. была напісана, а ў 1943 г. пабачыла свет паэма А. Куляшова «Сцяг брыгады» – першы буйны твор аб Вялікай Айчыннай вайне ва ўсёй савецкай літаратуры, гімн подзвігу савецкіх воінаў, няскораных жыхароў краіны. Гэта паэма пра байца, які зведаў горыч разгрому брыгады, страту баявых сяброў, але выйшаў з варожага акружэння разам з параненым камісарам.

У 1946 г. твор быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР. У ваенны час паэт напісаў таксама такія значныя творы, як «Прыгоды цымбал» (1943–1944) і «Дом № 24» (1944) пра зварот лірычнага героя на зруйнаваную і апустошаную радзіму. Па сіле ўздзеяння на чытача творы А. Куляшова, напісаныя ў гады вайны, лічацца наймацнейшымі, напісанымі паэтамі-франтавікамі.

Паэзія А. Куляшова пасляваеннага дзесяцігоддзя развівалася ў рэчышчы тагачаснага літаратурнага працэсу, але і тады яна вызначалася інтэлектуалізмам, які разам з грамадзянскім пафасам вылучаў яе з агульнай плыні. З-пад пяра паэта выйшлі паэмы «Новае рэчышча» (1948, Дзяржаўная прэмія СССР 1949), «Простыя людзі» (1949). За паэмы «Толькі ўперад» (1950), «Песня аб слаўным паходзе» (1935–1951), «Грозная пушча» (1955) і вершы ў перыёдыцы паэт атрымаў у 1968 г. прэмію Ленінскага камсамола Беларусі. У гэтых творах знайшлі адбітак прыкметы свайго часу, рысы савецкага ідэалагічнага мыслення.

У 1947 г. Аркадзь Куляшоў напісаў верш «Зямля», які стаў своеасаблівым прадвеснікам будучыні.

 

Будзе прыемнай назад вам дарога –

Быццам салдатам з паходу цяжкога.

Здасца зямля вам, ад смагі зялёным,

Флягай з вадою, балонам з азонам.

Здасца яна вам, шчаслівым бясконца,

Хлебам ружовым, што выпекла сонца.

 

Праз многа гадоў першы беларускі касманаўт Пётр Клімук, уражаны дакладнасцю апісання Зямлі, убачанай з калязямной арбіты ў гэтым вершы, пісаў: «Я ажно не паверыў, убачыўшы пад ім дату: 1947. Быць не можа! – Яшчэ раз перачытаў».

У другой палове 1950-х – 1960 гг. у свядомасці паэта адбылася пераацэнка поглядаў і арыенціраў. Паэт пайшоў па шляху паглыблення інтэллектуальнага, філасофскага кірунку творчасці.

1960–1970-я гг. сталі новым этапам у паэзіі А. Куляшова. Паклаў пачатак гэтаму этапу ў 1964 г. зборнік вершаў «Новая кніга», які стаў вялікай паэтычнай з’явай ва ўсёй тагачаснай літаратуры па сваёй духоўнай значнасці і мастацкіх маштабах. Паэзія Куляшова паўстае як адзін скразны маналог пра час, лёс чалавецтва, Зямлю і Сусвет, як разважанні і думкі чалавека, які заняты карэннымі пытаннямі жыцця, жыве напружана і адказна. У вершах гэтай кнігі, якія сталі пачаткам выхаду ўсёй беларускай паэзіі на новыя абсягі, выявілася філасофская глыбіня паэзіі А. Куляшова, высокі ўзровень паэтычнага майстэрства. Наватарства Куляшова было ў тым, што, аб чым бы ні пісаў паэт, ён глядзеў на праблему вачыма чалавека новай, касмічнай эры.

У 1968 г. А. Куляшоў атрымаў высокае званне – народны паэт Беларусі.

Адразу пасля заканчэння «Новай кнігі» А. Куляшоў напісаў гаркотна-палыновы цыкл вершаў, з’яднаных агульнаю назваю «Маналог» і прысвечаных безпадстаўна абвінавачаным сябрам юнацтва Ю. Таўбіну і З. Астапенку. Гэта дружба ўсё жыццё была адной з найбольшых духоўных каштоўнасцей Куляшова. Гаворачы пра лёс паэтаў, А. Куляшоў задумваецца аб вартасці чалавечага жыцця, пашане да тых, «хто шмат зрабіў, пражыўшы мала», аб барацьбе і творчасці, трывогах неспакойнага веку, сваім абавязку перад сябрамі, людзьмі, жыццём, паэзіяй. Гэты маналог – размова з часам і вечнасцю, сусветам і адным чалавекам. «Лепш цяжка жыць, чым быць бадзёрым трупам», – сцвярджае А. Куляшоў.

З гадамі філасофская аснова паэзіі А. Куляшова істотна паглыбілася, што знайшло адлюстраванне ў вершах, паэмах «Цунамі» і «Далёка да акіяна» са зборніка «Сасна і бяроза» (1970).

«Цунамі» (1968) – лірыка-філасофскі твор, паэма-прытча. Героі «Цунамі» – Ён і Яна. Закаханыя ўцякаюць у акіянскія прасторы, каб ізалявацца ад цывілізацыі на бязлюдным востраве. Але апынуцца па-за часам, грамадствам ім не ўдаецца. Стаўшы сведкамі атамнага выбуху, героі адчуваюць усю суровасць і трагедыйнасць чалавечага лёсу. Катастрофа прыносіць глыбока асабістую трагедыю: у іх нарадзілася мёртвае дзіця. Яны вяртаюцца з жудаснай вандроўкі да людзей, на мацярык, каб разам з імі засланіць свет ад руйнавання і смерці. Ужо ў 1960-я гг. А. Куляшоў добра ўсведамляў, што ў ХХ ст. перад чалавецтвам востра стаіць глабальная праблема выжывання. Сёння паэма ўспрымаецца як папярэджанне сучаснай цывілізацыі пра экалагічную катастрофу, заклік да гуртавання вакол агульначалавечых каштоўнасцяў.

Аўтабіяграфічны твор «Далёка да акіяна» (1971) – шырокае эпічнае палатно, на якім адбіліся сляды большай часткі жыцця паэта, яго маральная і філасофская канцэпцыя свету. У цэнтры паэмы – разгорнутая біяграфія героя, якая адначасова з’яўляецца біяграфіяй пакалення.

Важнейшым накірункам паэзіі Куляшова з’яўляецца касмічная тэма, ля вытокаў якой, несумненна, стаіць верш «Астраном». Пішучы «Астранома», паэт адштурхоўваўся ад таго, што не толькі ўсё жывое на зямлі ўзаемазвязана, а і існуе цесная повязь у самім Сусвеце:

 

Як толькі змаўкаюць за брамай гудкі

I ночка маўчыць за акном,

Я зноўку выходжу глядзець на блакіт,

На зоры далёкія зноў…

…I там у каго-небудзь сэрца гарыць,

Як сэрца гарыць у мяне!

Магчыма, і ён за акрайкамі схем

Сядзіць пад напорам гадзін

Над морам такіх жа, як мы, тэарэм,

Над морам складаных машын.

 

Цікава, што ў падобных меркаваннях А. Куляшоў быў не адзінокі. Магчымасць жыцця на іншых планетах турбавала не толькі паэтаў, а і навукоўцаў. Працягваючы асваенне касмічнай праблематыкі, Куляшоў напісаў шэраг вершаў, у якіх востра гучыць турбота за лёс Зямлі, а значыць і самаго чалавецтва. Самы значны сярод іх «Сасна і бяроза» – аднаго яго дастаткова, каб лічыць аўтара класікам нацыянальнай паэзіі:

 

Трымаюць зямлю без падзвіжнікаў тых,

Без мудрага троса,

Жывымі рукамі карэнняў сваіх

Сасна і бяроза.

 

Толькі сасне і бярозе ўдаецца да пары да часу выконваць сваю адказную і пачэсную місію, а пасля…

 

Ужо на насенне, якое ў раллі,

Паглядваюць коса

Аратыя смерці, каб больш не раслі

Сасна і бяроза.

Над імі ракетны ўзрываецца гук

I гул бамбавоза…

А што, як Зямлю нашу выпусцяць з рук

Сасна і бяроза?

 

У 1976 г. пабачыла свет апошняя кніга паэта «Хуткасць» – вяршыня творчасці паэта. У ёй гучыць адчуванне няспыннага паскарэння бегу часу, які мяняе жыццё, свет, чалавека. Гэта кніга руху, развіцця, змен:

 

Ёсць хуткасць гуку, ёсць – звышгукавая,

Ёсць хуткасць зор, прыкметная для ўсіх.

Яшчэ ёсць хуткасць думкі, хуткасць тая,

Што, як святло, стагоддзе абганяе,

З тысячагоддзем размаўляе ўслых...

 

Апрача вершаў у кнігу ўвайшлі дзве паэмы: «Варшаўскі шлях», прысвечаная Аляксандру Твардоўскаму, якога з Куляшовым звязвала даўняя дружба, і драматычная паэма пра лёс і подзвіг Кастуся Каліноўскага «Хамуціус». Назва твора паходзіць ад падпольнай мянушкі, якую ўзяў сабе 
К. Каліноўскі, падкрэсліўшы тым самым сваю блізкасць да сялян, якіх паны называлі хамамі. Паэма з’яўляецца яшчэ і зваротам-папярэджаннем да кожнага аб тым, што нядбанне гісторыі, спроба ўхіліцца ад жыццёвых праблем абавязкова прыводзяць да непапраўнай трагедыі.

У спадчыну нашчадкам народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў пакінуў больш за дваццаць кніг вершаў і двух дзясяткаў паэм.

Акрамя гэтага на працягу ўсёй сваёй творчасці паэт таленавіта і многа перакладаў. Узровень куляшоўскіх перакладаў такі, што яны і зараз – узоры перакладчыцкага майстэрства. Куляшоў-перакладчык тонка адчуваў індывідуальнае майстэрства кожнага з тых аўтараў, што цудоўна загучалі на беларускай мове дзякуючы яго вялікай творчай працы: «Яўгеній Анегін» 
А. Пушкіна, лірыка М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, С. Ясеніна, У. Маякоўскага, А. Твардоўскага і інш.

Пераклады кніг «Выбраная паэзія» М. Лермантава, «Энеіда» 
І. Катлярэўскага, «Спеў аб Гаяваце» Г. Лангфела ў 1970 г. былі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы.

Аркадзь Куляшоў – аўтар шэрагу артыкулаў пра творчасць беларускіх, рускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў.

Спрабаваў свае сілы ў галіне кінематаграфіі – сумесна з А. Кучарам напісаў сцэнарый фільма «Чырвонае лісце» (1958), прысвечанага рэвалюцыйнай барацьбе працоўных былой Заходняй Беларусі ў 1930-я гг. за ўз’яднанне беларускай зямлі ў адзінай Савецкай дзяржаве. У сааўтарстве з М. Лужаніным –сцэнарыі мастацкіх фільмаў: «Першыя выпрабаванні» (1961) – па матывах трылогіі Я. Коласа «На ростанях» і «Запомнім гэты дзень» (1967) – пра першыя дні Кастрычніцкай рэвалюцыі на Заходнім фронце і ў Беларусі.

Пасля таго, як паэта не стала, у яго паперах знайшлі чатыры вершы, напісаныя ў апошні дзень жыцця. Самым вядомым з іх стаў верш «Карусель»:

 

…Дзе ж вы, дзе, майго дзяцінства коні,

Паскакалі без мяне куды вы?

Больш не чутна за спіной пагоні…

Дзе спынілі вы свой бег імклівы?..

…Праплывае міма пабрацімства,

Коні, коні дыхаюць гарача.

Каруселі кружаць, а дзяцінства

Убаку стаіць маё – і плача…

 

Паэзіі цяжка ў наш інфармацыйны, камп’ютарны век адваёўваць сабе месца, але напісанае А. Куляшовым не забываецца, не губляецца, а наадварот, па-ранейшаму знаходзіць гарачы водгук у чытацкіх сэрцах. Паэзія Куляшова сёння – адна з найбольш яркіх старонак у гісторыі беларускай паэзіі.

2019 год для Аркадзя Куляшова юбілейны – спаўняецца 105 год з дня яго нараджэння. На жаль, ён ужо больш за сорак гадоў не з намі. Мы ж па-ранейшаму з яго паэзіяй. Тыя, хто наталяе прагу сваёй душы з крыніц паэзіі. I хоць куляшоўская паэзія стала ўжо класікай, яна – не толькі гісторыя нашай літаратуры. На здзіўленне, вялікай сваёй часткай творчасць Куляшова сугучна нашаму часу, бо як мысліцель ён абганяў свой час. Таму і сёння яго паэтычнае слова ўдзельнічае ў справах жывых вопытам жыцця аўтара.

bottom of page