top of page

ТВОРЧАСЦЬ

ЛІТАРАТУРНА-КРЫТЫЧНЫЯ
АРТЫКУЛЫ

2016 ............................................

В. Макарэвіч
ДАЛЁКА ДА АКІЯНА

 

Знаёмячыся з вершамі Аркадзя Куляшова, што былі напісаны ў апошнія гады яго жыцця і пабачылі свет у «Новай кнізе», дзе паэт, узняўшыся на новую для сябе творчую вышыню, метафарычна, з філасофскім роздумам, аб’ёмна і маштабна гаворыць пра далёкія ад нас рэчы і з’явы, звяртаюць на сябе ўвагу наступныя радкі: «Сышлося неба з акіянам блізка: // На горы хваль кладзецца хмар туман. // Мне хороша! Не грозны акіян // Мяне гайдае, а вякоў калыска». Далей аўтар вядзе гаворку так, як быццам глядзіць з касмічнай вышыні: «Я слухаю – ужо не чалавек – // З маўклівым, невыразным захапленнем // Да болю блізкі шум водазмяшчэннем // У міліярды міліярдаў рэк». Гэты зварот да акіяна і марской атрыбутыкі, штыляў і штормаў, параходаў і караблёў робіць уражанне, што паэт нарадзіўся і вырас недзе на беразе неабдымнага акіяна, на свае вочы бачыў яго раз’ятраную стыхію, высокія хвалі, што коцяцца і выкідваюць на скалы, як трэскі, рыбацкія шхуны і баркасы.

На самай жа справе чарадзей нашага роднага слова А. Куляшоў нарадзіўся на беразе не вельмі шырокай і не вельмі вузкай ракі Бесядзі, якая нясе свае воды і сёння, калі яе рэчышча не спрамілі і не знішчылі меліяратары. У дзяцінстве будучы паэт садзіўся ў зыбкі чаўног, адпіхваўся ад берага вяслом, выкіроўваў на сярэдзіну плыні, дзе, як жарнавікі, круціліся віры разам з гронкамі сузор’яў, чуў і бачыў, як непадалёк, на пясчанай мелі, Бесядзь пацягвалася і па-дзіцячы смачна прыцмоквала хвалямі, а ў задымленым прырэчным лазняку, задыхаючыся ад радасці і шчасця, заліваліся салаўі. У падлетка мелася ўласная гаспадарка – самаробная вудачка, банка з нажыўкай і звонкае вядзерца, куды ён кідаў вывуджаных плотак, язёў і шчупакоў. Апрача ўсяго гэтага, дапытлівы хлапчук быў законным уладальнікам незлічонага багацця, пачынаючы ад птушак, што спявалі і гаманілі на розныя галасы, і заканчваючы надакучлівымі жабоцькамі. Меўся ў яго ў летнюю ноч і Млечны Шлях, які ззяў жамчужынамі і аметыстамі, купаўся каля днішча яго прасмоленага чоўна. Іх даводзілася рэзаць вострым носам свайго чоўна, кранацца далонню вясла. Густа пахлі распараныя водарасці, лугавыя травы, якія збіралі і рвалі апоўначы мясцовыя знахары і лекары, умела варылі іх у глыбокіх чыгунах і катлах, а потым настойвалі на змяіным ядзе ў халодных і цёмных склепах, патаемных мясцінах, каб адвар стаў гаючым лякарствам, што магло вылечыць дзясяткі розных хвароб. Ад пахаў, галасоў, перазвону і гулу ў хлапчука кружылася галава, блыталіся думкі, але на душы было светла і радасна, як ад вясёлкі, што ўстае пасля цёплай летняй навальніцы і пераліваецца ўсімі сваімі колерамі. Няцяжка было ўявіць сябе казачным магам ці чараўніком і, падняўшы вясло, разбіць і распырскаць вакол чоўна залатыя паднебныя мірыяды зор.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page