Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
2001 ........................
Дз. Бугаёў
ЗОЛАТА ПАЭЗІІ I МЕДЗЯКІ РЫТОРЫКІ
Аркадзь Куляшоў быў надзелены выдатным мастакоўскім талентам, які выразна адчуваўся ўжо ў самых ранніх творах паэта. Ён заяўляў пра сябе неардынарнасцю мастацкіх дэталей, за якімі праглядваўся жорсткі, бязлітасны да чалавечага лёсу час, напоўнены крутымі пераменамі, нечуванай раней індустрыяльна-тэхнічнай і сацыяльнай ломкай, якую на ўсе лады славіла савецкая літаратура. «Ён жыў невялічкаю кропляю соку // у целе цякучай жалезнай крыві...» Гэта сказана пра стары ржавы цвік, які атрымаў новае жыццё пасля пераплаўкі ў вялікай домне (верш «Цвік»). «А мае ж вы татулечкі, // Схапіў маю палоску і панёс», – так галасіла вясковая цётка з верша «Першая стрэча з трактарыстам Анісам», рэагуючы на «рэвалюцыйны паход» магутнага трактара, што руйнаваў яе гаспадарку, а ў канчатковым выніку і ўвесь традыцыйны, некалі надзвычай устойлівы ўклад сялянскага жыцця.
Рамантычная мара летуценнага юнака пра выхад за зямныя межы, у сусвет, пра жывыя кантакты з яго магчымымі насельнікамі, мара, якая атрымала другое дыханне, стала вельмі актуальнай ужо ў канцы 50-х і ў 60-я гады, натхнёна паэтызавалася ў вершы «Астраном»:
Як толькі змаўкаюць за брамай гудкі
I ночка маўчыць за акном,
Я зноўку выходжу глядзець на блакіт,
На зоры далёкія зноў.
Ці можна таемнасць у іх разгадаць?
Яны за арбітай зямлі
Праз дальнія далі, праз сінюю гладзь
Плывуць, як плывуць караблі.
Плывуць у эфіры... Знікаюць міры
Праз мора далёкіх агней...
I там у каго-небудзь сэрца гарыць,
Як сэрца гарыць у мяне!
Пазней паэт неаднаразова правіў гэты верш, напісаны ў1929 годзе. Але і ў цытаваным тут раннім варыянце была і застаецца высокая паэзія, падмацаваная празорлівасцю аўтарскага погляду, яго скіраванасцю ў будучыню.
Ёсць немалыя паэтычныя здабыткі і ў ранніх куляшоўскіх паэмах. Так, у паэме «Крыўда» (аўтарская датыроўка – 1930–1931 гг.) і сёння ўражвае адлюстраванне пакутаў ахвяр першай сусветнай вайны:
Жыццё іх сумнейшае за лістапад –
Бязногія, бязрукія, сляпыя,
Ляжалі яны ў лазарэтах і больніцах,
Кульгалі яны па дарогах знаёмых
I цела кіямі свае падпіралі...
Ляжалі яны на шляхах і вылі пад
Ветрам, пад снегам,
пад дымам,
пад пылам.
Цікавы твор і ў фармальна-выяўленчым плане. Звыклая для нашай паэзіі строфіка з таксама звыклай перакрыжаванай рыфмоўкай («Дзесятаму дрэнна і сумна, // Ўсё сніць ён жніво і снапы, // I думае іншыя думы // Дзесяты іх сябра сляпы...») тут раз-пораз саступае месца ўзорыста-складанай арганізацыі тэксту, пры якой цэментуючым фактарам выступаюць і анафарыстычныя нагнятанні паўтораў, і рыфмоўка аддаленых радкоў.