top of page

ТВОРЧАСЦЬ

ЛІТАРАТУРНА-КРЫТЫЧНЫЯ
АРТЫКУЛЫ

2007 ...................................

У. Навумовіч

АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ (1914-1978)

Свет будзе пець, смяяцца, слёзы ліць

Датуль, пакуль на свеце людзям жыць.

Сабрат мой па пяру, на суд іх смела

Вынось усё, што ў сэрцы набалела.

Аркадзь Куляшоў. Хуткасць

 

Аркадзь Куляшоў належыць да тых паэтаў у беларускай літаратуры, якія з поспехам развіваюць класічныя традыцыі паэтычнай творчасці. Верш у А. Куляшова – ёмкі па змесце і дакладны па форме, верш сапраўды класічнага характару, у якім дасягаецца гармонія формы і зместу. Нездарма А. Куляшоў з поспехам перакладаў на беларускую мову вершы класікаў рускай паэзіі А.С. Пушкіна, М.Ю. Лермантава. А. Куляшоў – паэт таленавіты, з вялікім прыродным дарам, сапраўдны майстар паэтычнага слова.

Паэзія А. Куляшова ўвабрала ў сябе жыццёвы шлях народа, перажытае і вынашанае менавіта ім самім, усе яго думкі і мары. Кожны верш асветлены непаўторным каларытам чалавечых адчуванняў. Верш у паэта – строгі, лаканічны, змястоўны, з абагульненымі вобразамі, з праўдзівым, дакладна выпісаным пачуццём, з незвычайна заглыбленай думкай.

А. Куляшоў – паэт высокаадукаваны, культурны, з самабытным голасам, з выразнай інтэлектуальнай скіраванасцю. Ён сябраваў з многімі паэтамі шматнацыянальнай савецкай літаратуры. Яго цаніў Аляксандр Твардоўскі. Менавіта Твардоўскаму прысвечана паэма «Варшаўскі шлях» – адна з лепшых паэм у творчай спадчыне А. Куляшова. Паэма пра «дарогу № 1» Масква–Варшава, Варшаўскі шлях, якая праходзіць праз родныя мясціны А. Твардоўскага на Смаленшчыне і А. Куляшова – на ўсходзе Беларусі, пра той шлях, якім прайшлі сівою даўніной славянскія народы.

Куляшоўскія мясціны – гэта Магілёўшчына (прыгадаем верш «Магілёўская хмарка»). Нарадзіўся А. Куляшоў 6 лютага 1914 г. у мястэчку Саматэвічы Касцюковіцкага раёна ў сям’і настаўніка. Гэта быў пачатак Першай сусветнай вайны, якая зрушыла людзей з месца, прымусіла падавацца ў бежанцы. Пад грукат кананады прайшло маленства паэта.

Потым яшчэ не адну вайну перажыве паэт. Па яго роднай Магілёўшчыне ў Вялікую Айчынную вайну двойчы пракаціўся смяротны каток ваеннай машыны, спачатку з захаду на ўсход, а пасля з усходу на захад. Пра падзеі тыя паэт напіша так прачула і па-грамадзянску мужна, дакладна і праўдзіва, што гэта прынясе яму несумненны поспех, прызнанне і вядомасць. Лірыка А. Куляшова перыяду Вялікай Айчыннай вайны – адна з найярчэйшых старонак ва ўсёй савецкай літаратуры. Вядомы і той факт, што пад уражаннем створанай у час вайны паэмы «Сцяг брыгады» расійскі паэт Аляксандр Твардоўскі напісаў выдатны твор пра вайну – паэму «Васіль Цёркін».

Творчасць А. Куляшова цесна звязана з традыцыямі, закладзенымі ў беларускай паэзіі яшчэ Я. Купалам і Я. Коласам. Яна фарміравалася пад уплывам падзей, што адбываліся ў краіне. Усебакова і пераканаўча малюе паэт жыццё народа, раскрываючы ідэйныя асновы, якія аб’ядноўвалі людзей, іх супольную веру і агульныя намаганні. У паэзіі А. Куляшова духоўна ўзвышаецца вобраз чалавека, сына свайго часу, перакананага барацьбіта за высокія ідэалы часу.

Раннія вершы А. Куляшова аб’яднаны ў яркі і непаўторны цыкл вершаў пад назвай «Юнацкі свет». Сюды ўваходзяць усе творы, якія напісаны ў ранні перыяд, калі ён вучыўся ў сямігодцы ў роднай вёсцы, у педагагічным тэхнікуме ў Мсціславе, у Магілёўскім педагагічным інстытуце, калі адстойваў сваю зямлю ад чужынцаў у гады вайны. Паэт удзельнічаў у літаратурнай студыі «Маладняк», калі вучыўся ў Мсціславе, актыўна супрацоўнічаў у франтавым друку ў ваенны час.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page