Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
А. Кучар
НАТАТКІ ПРА ЖЫЦЦЁ І ТВОРЧАСЦЬ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА, УСПАМІНЫ АБ ІМ
1980 .....
1
Гэта не спроба стварэння біяграфіі выдатнага паэта. Тут чытач знойдзе асобныя эпізоды жыцця Аркадзя Куляшова, нататкі пра яго творчасць, успаміны аб ім.
Радаслоўную Аркадзя Куляшова можна часткова аднавіць па расказах яго маці – Кацярыны Фамінічны, бацькі Аляксандра Мікалаевіча, з якім я меў працяглыя гутаркі (памёр у 1977 г. ва ўзросце 89 год), сястры Надзеі Аляксандраўны, настаўнікаў, якія вучылі будучага паэта. З прычыны таго, што амаль ніякіх матэрыялаў, якія б дакументальна пацвярджалі гэтыя расказы, і ў бацькоў не было, можна вельмі верагодна дапусціць, што некаторыя сцверджанні з’яўляюцца легендай, створанай у працэсе перадачы з вуснаў у вусны сапраўдных фактаў.
Больш верагодныя факты занатаваны ў лістку з асабовай справы бацькі настаўніка «Продвижение по службе». Там сказана, што дзед Куляшова Мікалай Кузьміч Куляшоў, селянін з вёскі Кувечына Аршанскага павета, быў жанаты з Мільто Аляксандрай Феліксаўнай, з мястэчка Стараселле Аршанскага павета, якая памерла маладая, пакінула шасцёра дзяцей: пяць сыноў і адну дачку.
Мікалай Кузьміч даў спосаб жыць усім дзецям. Яўген стаў садаводам, Соф’я настаўніцай (яна і цяпер жывеў г. Фаставе Кіеўскай вобласці), Кірыл даслужыўся да камандзірскага чыну ў Чырвонай Арміі, Іван гаспадарыў на зямлі, Іосіф быў служачы.
Аляксандр Мікалаевіч – бацька Аркадзя Куляшова – рана сышоў з дому і апынуўся ў горадзе Багародску пад Масквой. Служыў ён у фабрыканта Марозава вучнем у аптэцы. Аляксандра не задавальняла работа ў аптэцы, ён займаўся самаадукацыяй і там жа, у Багародску здаў экстэрнам экзамен на званне настаўніка пачатковай школы. У 1909 годзе вярнуўся на бацькаўшчыну настаўнічаць у Маларубанаўскае пачатковае земскае вучылішча Мсціслаўскага павета Магілёўскай губерні. Праз год, як сказана ў тым жа лістку «Продвижение по службе», ён быў адхілены ад выканання абавязкаў настаўніка за тое, што не зняў шапкі перад «прадвадзіцелем дваранства», але пераведзены ў Дубровіцкае двухкласнае вучылішча «для пользы службы», як сказана ў той жа запісцы «Продвижение по службе». У 1912 годзе Аляксандр Мікалаевіч працуе ўжо ў Басценавіцкім народным вучылішчы Чэрыкаўскага павета, дзе і пазнаёміўся з настаўніцай Ратабыльскай Кацярынай Фамінічнай. Бацька яе, Ратабыльскі Фама Кузьміч, паходзіў з вёскі Сакольнічы Крычаўскага павета. Селянін Фама Кузьміч як салдат прайшоў усю руска-турэцкую вайну, удзельнічаў у вызваленні Балгарыі. Ажаніўся ён з Міхневіч Мар’яй Якаўлеўнай, якая таксама памерла рана, пакінуўшы сямёра дзяцей.
Як салдат, удзельнік вайны Фама Кузьміч, напэўна, меў прывілеі і стараўся вучыць дзяцей. У гэтай сям’і з’явіліся ў тыя далёкія і нялёгкія гады дзве настаўніцы. Настаўніца Вольга Ратабыльская расстраляна ў вайну пад Бранскам фашыстамі за сувязь з партызанамі; маці Аркадзя Куляшова Кацярына Фамінічна скончыла Крычаўскую двухкласную школу і здала ў Магілёве экстэрнам экзамен на званне настаўніцы царкоўнапрыходскай школы. Настаўнічаць яна пачала ў кастрычніку 1911 года ў Басценавіцкім народным вучылішчы, дзе працаваў Аляксандр Мікалаевіч Куляшоў. Пажаніліся яны ў 1913 годзе, а ў 1914 годзе ў іх нарадзіўся сын Аркадзь, абое тады ўжо працавалі ў Саматэвічах.