Барадулін Рыгор
"ПАМЯЦІ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА"
С. Галоўка
САЛДАТ СВАЙГО ЧАСУ
2014 .........................................
У кожнага з нас Куляшоў – свой. А яно інакш і быць не можа. Бо, нягледзячы на вобраз «песняра ваеннага часу», што трывала замацаваўся за паэтам, на самай справе Аркадзь Куляшоў – розны: даваенны лірык-прагматык, суровы летапісец Вялікай Айчыннай, тонкі філосаф, шчыры патрыёт і закаханы рамантык...
I гэтая яго шматграннасць дае свой плён – нават у наш высокатэхналагічны век, які аніяк не запраграмаваны на паэтычныя сантыменты, большасць з напісанага Куляшовым запатрабавана. Хтосьці знаходзіць асалоду ў яго шчымліва-лірычных вершах пра каханне, нехта захапляецца мужнасцю нашага народа праз ваенную творчасць паэта, а камусьці даспадобы апетая Куляшовым прыгажосць беларускай зямлі...
Аркадзю Куляшову было адмерана лёсам пражыць усяго 64 гады, але больш як паўстагоддзя з іх былі блаславёны паэзіяй – першы верш надрукаваны ў 1926 годзе ў клімавіцкай газеце «Наш працаўнік», калі яму было 12 гадоў. А на наступны год творы маладога паэта ўжо з’явіліся ў рэспубліканскім друку – у часопісе «Чырвоны сейбіт». Пасля гэтага адна за адной пайшлі кнігі паэзіі «Росквіт зямлі» (1930), «Па песню, па сонца!..» (1932), «Медзі дождж» (1932), «Аманал» (1933), «Гарбун» (1935), зборнікі «Мы жывём на граніцы» (1938), «Радзіме і правадыру» (1938), «У зялёнай дуброве» (1940), «Добры чалавек» (1941), «Баранаў Васіль» (1941), «Сцяг брыгады» (1943), «Прыгоды цымбал» (1945), «На сотай вярсце» (1945), «Вершы» (1946), «Паэмы» (1947), «Камуністы» (1949), «Простыя людзі» (1949), «Новае рэчышча» (1951), «Граніца» (1954), «Грозная пушча» (1956), «Новая кніга» (1964), «Сасна і бяроза» (1970), «Далёка да акіяна» (1972), «Мая Бесядзь» (1973), «Хуткасць» (1976).
Да гэтага істотнага паэтычнага скарбу можна дадаць шмат іншых творчых і жыццёвых набыткаў народнага паэта Беларусі, двойчы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР і Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР імя Янкі Купалы, прэміі Ленінскага камсамола Беларусі Аркадзя Куляшова, аднак рабіць гэтага не будзем наўмысна, адаслаўшы зацікаўленых да бібліяграфічных і біяграфічных слоўнікаў і энцыклапедый. Лепш засяродзім увагу на асобных цікавых эпізодах з жыцця і творчай дзейнасці выдатнага майстра слова. А ў дапамогу сабе возьмем матэрыялы з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і ўспаміны дачкі паэта Валянціны Куляшовай, многія з якіх увайшлі ў кнігу «Лясному рэху праўду раскажу...», выдадзеную ў канцы лютага ў серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі».