top of page

ТВОРЧАСЦЬ

ЛІТАРАТУРНА-КРЫТЫЧНЫЯ
АРТЫКУЛЫ

2004 .....................

А. Марціновіч
I ВЕЧНАСЦЬ РАДКА, ЯК ВЕЧНАСЦЬ ЖЫЦЦЯ

 

Сумненняў няма і быць не можа: сёння адна з найбольш яркіх старонак у гісторыі беларускай паэзіі – творчасць Аркадзя Куляшова. Яна – састаўная частка таго своеасаблівага ланцуга, які ўтворыцца, калі паставіць поруч імёны Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Максіма Танка. Месца Аркадзя Куляшова, вядома ж, паміж Купалам і Танкам. Безумоўна, можна прыгадаць нямала і іншых таленавітых паэтаў, ды гэтыя чацвёра ўсё ж вылучаюцца. Яны нібы дрэвы-веліканы ў дружным лесе. Кожнаму ў ім ёсць месца, аднак позірк спачатку затрымліваеш на іх, бо яны быццам прыцягваюць да сябе, дзякуючы магутнаму сілавому полю.

Паэзія А. Куляшова ўжо належыць не толькі нам, а і наступнікам, якім адкрываць яе нанава і па-новаму прачытваць. Як сказаў у вершы «Куляшову» яго сябра і паплечнік Пімен Панчанка:

I кружыцца планета Куляшова,

I песня пра Алесю ўсё звініць...

З гэтым выказваннем Пімена Емяльянавіча нельга не пагадзіцца: пачынаеш згадваць у думках імя А. Куляшова, а ў памяці адразу ўсплываюць шмат якія яго творы. I тыя, што даўно сталі хрэстаматыйнымі, і тыя, якія, як кажуць, у кожнага «свае». Ды, бадай, цяжка знайсці чалавека (ва ўсякім разе ў нас, на Беларусі), які б ні захапляўся цудоўнай песняй «Алеся», гатовы паўтараць услед за»Песнярамі»:

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся,

Бывай, смуглявая, каханая, бывай.

Стаю на ростанях былых, а з паднябесся

Самотным жаўранкам звініць і плача май.

А песня ж гэтая – куляшоўскі верш «Бывай...», напісаны яшчэ ў 1928 годзе, а ў сталым узросце аўтарам дапрацаваны і пакладзены на музыку Ігарам Лучанком.

Сапраўды ў мастакоўскай спадчыне А. Куляшова шмат таго, што аднолькава блізкае і дарагое кожнаму аматару паэзіі, не кажучы ўжо пра тонкіх знаўцаў і ўлюбёнцаў яе. Інакш і быць не можа, бо напісанае ім – той неабсяжны свет, стыхію якога можна спазнаць ва ўсёй значнасці і велічнасці толькі тады, калі па-сапраўднаму далучышся да ягонай непаўторнасці, шматзначнасці і шматмернасці.

Акунешся ў гэтую неабсяжнасць і адразу зразумееш: нічога выпадковага, другаснага тут няма і быць не можа. Такі ўжо талент А. Куляшова – глыбінны, маштабны. I пры тым – надзіва зямны. Гэты талент не дазваляў яму разменьвацца на дробязі, а даваў мажлівасць пісаць так, каб усё было дасканала і выглядала на высокім мастакоўскім узроўні.

Адразу – непаўторна. I адразу – з праекцыяй у вечнасць.

У сувязі з апошнім сцверджаннем, праўда, могуць знайсціся і ахвочыя запярэчыць. А як жа, у такім разе, быць з асобнымі куляшоўскімі творамі, у якіх знайшлося месца «правадыру ўсіх народаў»? Як у рэшце рэшт ставіцца сёння да знакамітых «Камуністаў»? I да няменш вядомага «Камсамольскага білета».

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page