top of page

ТВОРЧАСЦЬ

ЛІТАРАТУРНА-КРЫТЫЧНЫЯ
АРТЫКУЛЫ

Я. Гарадніцкі
АДКАЗНАСЦЬ ПЕРАД ЖЫЦЦЁМ, ЧАСАМ I «СТРОГІМ ВЕРШАМ»

 

2016 ..

Ён выказаў свой час, свой век так, як гэта мог зрабіць толькі ён, паэт з ліку тых, якіх у кожны век (а, можа, і не ў кожны) з’яўляецца лічаныя адзінкі. Выказаўшы ў паэтычным роздуме-суперажыванні сваё буравейнае, трагічнае дваццатае стагоддзе, Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў звяртаецца і да стагоддзяў наступных. Па яго ж метафарычным выразе, працягваючы руку «з дваццатага ў трыццатае стагоддзе». I гэта не проста прыгожая паэтычная метафара. За гэтым – глыбокая ўпэўненасць паэта ва ўсёпераможнасці жыцця, у магчымасці дыялогу з нашчадкамі, сусветам.

I вось у адносінах паэта з наступнікамі, у жыцці яго паэзіі настае новы этап, калі адлік часу сапраўды пачынае весціся на стагоддзі. Якраз сто гадоў мінула ўжо з таго часу, як у мястэчку Саматэвічы, размешчаным на ўсходнім ускрайку Беларусі, на берагах ракі Бесядзь, што працякае па тэрыторыі трох братніх славянскіх краін, нарадзіўся будучы паэт.

I месца, і час нараджэння маюць надзвычай вялікае значэнне для характарыстыкі паэзіі Аркадзя Куляшова і яго асобы. На гэта, вядома, могуць запярэчыць, што час і месца нараджэння любога паэта з’яўляюцца вызначальнымі фактарамі яго творчасці, накладаюць на яе свой спецыфічны адбітак. Прымаючы гэта як дадзенасць, усё ж заўважу: у выпадку з А. Куляшовым час і месца маюць асаблівае значэнне, таму што яны выступаюць не толькі ў сваёй канкрэтна лакалізаванай праяўленасці, але і як вобразы-сімвалы самага абагульненага плана, як важнейшыя хранатопныя вымярэнні яго мастацкага свету.

Тое вобразна ўвасобленае, прадметнае, пачуццёва перажываемае, з чым судакранаецца паэт, а разам з ім і чытач, як з рэальнасцю паўсядзённасці, пераўтвараецца ў мастацкім свеце А. Куляшова ў метафізічна, інтэлектуальна асвоенае. Уражанні дзіцячай пары, захаваныя ў памяці, становяцца не толькі фактамі біяграфіі аўтара. Яны вызначаюць у пэўнай ступені агульную карціну свету ва ўспрыманні паэта. Вобраз ракі дзяцінства, роднай Бесядзі, будзе няраз узнікаць у куляшоўскіх творах. Аднак яго істотнасць для аўтара не толькі ў ім самім, а перш за ўсё, мабыць, у тым, што ён суадносіцца з усёй сістэмай духоўных каштоўнасцей, з усімі праявамі жыцця паэта як асобы і творцы.

Возьмем, да прыкладу, вядомы верш «Мая Бесядзь», які даў назву зборніку вершаў. У гэтым вершы вобраз ракі з дзіцячых успамінаў займае, безумоўна, цэнтральнае месца. Аднак дадзены вобраз трансфармаваны ў адпаведнасці з канцэптуальнай задумай аўтара, уключаны ў агульную плынь гістарычнага развіцця, звязаны з роздумам пра прызначэнне паэзіі і адказнасць паэта за сваю працу.

Рака маленства паўстае ў творах паэта ўвасабленнем жыццёвых вытокаў, пачатку пачаткаў. Гэтым сімвалічным вобразам абазначаецца тое першаснае, асноватворнае, што звязвае аўтара з дзяцінствам, малой радзімай, роднымі і сябрамі. З усім тым, што назаўсёды ўвайшло ў сэрца, стала неад’емнай, і, мабыць, самай істотнейшай часткай яго духоўнага свету. Аднак усе гэтыя дарагія сэрцу прыпаміны, адзнакі перажытага і спазнанага не проста перахоўваюцца ў глыбінях памяці, яны паядноўваюцца ў свядомасці аўтара з надзённымі і трывожнымі клопатамі сучаснасці, падключаюцца да роздумаў пра хуткаплыннае жыццё, узаемаспалучанасць усіх яго праяў.

Многія падзеі і ўражанні з часоў маленства і юнацтва адлюстраваны паэтам у аўтабіяграфічнай паэме «Далёка да акіяна». У гэтым шырокім эпічным творы ўжо сталы аўтар у пару свайго творчага росквіту асэнсоўвае пройдзены шлях, звяртаецца да сваіх жыццёвых вытокаў, выкарыстоўваючы пры гэтым вобразную сімволіку.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page