top of page

ТВОРЧАСЦЬ

ЛІТАРАТУРНА-КРЫТЫЧНЫЯ
АРТЫКУЛЫ

1996 ...................................

Л. Гарэлік
У БУДУЧАГА ВЕКУ НА ПАРОЗЕ

 

Гуманістычныя ідэалы паэзіі Аркадзя Куляшова

 

Варочаць глыбы паэзіі, вырашаць праблемы грамадскага жыцця з апярэджаннем часу, прадбачліва ўзіраючыся ў наступныя дзесяцігоддзі, пад сілу толькі магутнаму таленту, такому, якім прырода шчодра надзяліла народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. Шаснаццаць гадоў прайшло з таго лютаўскага дня 1978 г., калі ў санаторыі ў Нясвіжы перастала біцца сэрца выдатнага паэта. Створаныя ж ім вершы і паэмы, пераклады на беларускую мову твораў сусветнай літаратуры не страцілі ні сваёй эстэтычнай вартасці, ні надзённасці гучання. У бязглуздай мітусні сучаснага побыту яны зачароўваюць сваёй гарманічнай суладнасцю, запальваюць святло надзеі на выжыванне, у царстве бездухоўнасці саграваюць гуманістычнымі памкненнямі: «Пішу: я, сведка ўсіх падзей, сірочых слёз, вайны, разлукі. / Жадаю шчасця для людзей... / Я знаю, што такое мукі» («Пашанцавала тройчы мне...»).

У сваёй лірычнай споведзі 50–70-х гг., як і ў названым вершы, паэт нярэдка прамаўляў ад імя франтавога пакалення, для якога асабліва балючай і сёння з’яўляецца памяць мінулай вайны. Вось чаму яго роздум над праблемамі часу, падмацаваны згадкамі пра перажытае, гучыць драматычна напружана, у ім сінтэзуецца боль чалавечага суперажывання многіх дзесяцігоддзяў, прагназуецца невядомае, што чакае наперадзе («Над спаленай вёскай», «Слова невядомага салдата», «Мой Новы год» і інш.).

Лейтматывам у лірыцы Аркадзя Куляшова з’яўляецца пачуццё адказнасці за лёс чалавецтва і сваёй планеты як усеагульнага дому, усведамленне асабістай далучанасці да лёсу народа. «Сэрца, як набат, што б’е трывогу / За мільёны падгарматных душ», – пісаў ён у вершы «Я з юнацкіх дзён лічуся вязнем...». Гэта не пустая дэкларацыя, не красамоўства, а перш за ўсё абгрунтаванне грамадзянскай пазіцыі, дэтэрмінаванай жыццёвым вопытам паэта:

Мне кожны год, нібы жыццём другім,

Жыць у дваццаты век наш давялося...

Я – акіяну жытняга калоссе:

Мільёны лёсаў змешчаны ў маім,

Яшчэ да дна не вычарпаным лёсе.

(Мне кожны год, нібы жыццём другім)

У перыяд «халоднай вайны» і канфрантацыі Савецкага Саюза з капіталістычным Захадам Аркадзь Куляшоў прапаведаваў пацыфісцкія ідэі, выступаў за мірнае суіснаванне розных дзяржаўных сістэм. Яго лірычны маналог поўніцца трывогай за будучыню, пратэстам супраць ядзернай катастрофы («Гадзіннік мой – не сонца, што ў зеніце...», «Сябры, каго вайна скасіла кулямі...» і інш.)

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page