top of page

ТВОРЧАСЦЬ

ЛІТАРАТУРНА-КРЫТЫЧНЫЯ
АРТЫКУЛЫ

Н. Гілевіч
ЁН БЫЎ СЦЯГАНОСЦАМ

 

2009 ........................................

Марозным лютаўскім днём мы правялі ў апошнюю дарогу і сказалі апошняе «бывай» народнаму паэту рэспублікі Аркадзю Аляксандравічу Куляшову. Пасля Купалы і Коласа – гэта самая вялікая, а таму самая цяжкая і балючая страта для беларускай савецкай паэзіі. Не стала творцы, з імем якога звязаны найбольшыя дасягненні і сапраўдны росквіт паэзіі, народжанай ідэямі рэвалюцыі, явай сацыялізму. Не стала мастака, чый творчы набытак з’яўляецца гонарам і славай нашай культуры.

Мы сказалі апошняе «бывай» паэту, чыя творчасць склала цэлую эпоху ў гісторыі беларускай літаратуры. Роўна паўвека назад, 14-гадовым камсамольцам, пачаў ён свой слаўны творчы шлях і да самага апошняга дня, да апошняй хвіліны ішоў гэтым шляхам мужна і ўпэўнена, з высокай чалавечай і прафесійнай годнасцю, як і належыць паэту-камуністу, паэту-змагару, паэту-сцяганосцу. Так, у нашай беларускай ды і ва ўсёй савецкай паэзіі Аркадзь Куляшоў справядліва залічаўся да тых, хто мае права на гэтае ганаровае званне сцяганосца. Не выпадкова ва ўяўленні школьнікаў вобраз Алеся Рыбкі, што выносіць з акружэння сцяг брыгады, так часта і так упарта атаясамліваецца з вобразам самога аўтара паэмы.

Няма сумнення, што імя Куляшова належыць да ліку самых вялікіх імён у шматнацыянальнай савецкай паэзіі – да тых вышынных імён-маякоў, што сцягам цэлых дзесяцігоддзяў вызначалі яе ідэйны кірунак і мастацкі ўзровень. У ясназорай плеядзе, дзе свецяцца імёны самых выдатных паэтаў савецкай зямлі, ад гэтага часу і назаўсёды непагасна свяціцца імені Аркадзя Куляшова.

Калі адыходзіць паэт такога маштабу і значэння як Куляшоў, то лепшай памяццю аб ім можа быць толькі ўсведамленне ягоных урокаў і працяг ягонай справы. Найважнейшы ж і найвялікшы ягоны ўрок заключаецца ў тым, што праца паэта – кожным радком і словам – павінна служыць праўдзе веку, служыць сур’ёзна і самаахвярна да апошняга ўдару сэрца. Ягоны ўрок у тым, што паэзія не мае права адступаць і здаваць пазіцыі ў барацьбе за высокія ідэалы чалавецтва, гэтаксама як і не мае права драбнець і ператварацца ў пустую забаўку. Мы яшчэ неаднойчы будзем чытаць і перачытваць усё, што выйшла з-пад пяра гэтага волата мастацкага слова, і для нас з кожным разам ва ўсё большай глыбіні і велічы будзе адкрывацца сіла і моц яго творчага духу, прыродная мудрасць яго шматграннага таленту лірыка, эпіка і драматурга, непераўзыдзенае хараство і бляск яго наватарскага майстэрства. I мы будзем думаць над тым (бо мы павінны думаць!), як жа важна паэту, мастаку жыць вялікімі клопатамі і трывогамі свайго часу і якою ж высокаю мераю патрабавальнасці трэба мераць нам сваё ўласнае жыццё ў літаратуры, сваю ўласную работу над словам.

Аўтарытэт Куляшова ў нашай паэзіі быў агромністы і непахісны. Для ўсіх нас – і яго равеснікаў і маладзейшых сучаснікаў – сама прысутнасць у літаратуры Куляшова значыла вельмі многа, а тым больш даражылі мы яго думкай, яго скупою пахвалой і нават самым простым знакам увагі. Гэта быў аўтарытэт дасканалага майстра і мудрага настаўніка, аўтарытэт, які здабываецца ў жыцці далёка не кожным нават і з вельмі вядомых і прызнаных творцаў.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page