top of page

ТВОРЧАСЦЬ

ЛІТАРАТУРНА-КРЫТЫЧНЫЯ
АРТЫКУЛЫ

2001 ...........

М. Мішчанчук

СУВЯЗЬ З ЧАСАМ І ЛЮДЗЬМІ.

РОЗДУМ НАД ПАЭЗІЯЙ АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА

Унутранае паяднанне разнастайных і супрацьлеглых рыс у творах сталага Куляшова – філасафічнасць, інтэлектуалізм, «звышабагульненасць» («Цунамі», «Хамуціус») і пачуццёвая канкрэтнасць, аўтабіяграфізм («Далёка да акіяна») – у зародкавым стане ўгадвалася ўжо на пачатку яго творчай дарогі.

Выток куляшоўскай паэзіі раздвоіўся на два рэчышчы – на творы «фактаграфічныя» («Сонечнае заўтра», «З дзённіка брыгадзіра»), «нарысавыя» і на вершы, у якіх адчувалася яўная адцягнутасць, кніжнасць («Сацыял-дэмакрат», «Сібір»). Зразумела, і да нашага часу збераглі сваю эстэтычную і гісторыка-дакументальную каштоўнасць тыя з твораў, у якіх паэт чэрпаў вобразы не з прачытанага, а з убачанага, перажытага.

У 30-я гг. А. Куляшоў стварыў паэмы, якія ўспрымаліся як прыступкі для далейшага ўздыму, але не адразу была зразумета глыбіня і своеасаблівасць умоўнай вобразнасці ў іх, яе роля ў далейшым развіцці і самаўдасканаленні паэта. Крытыкі арыентавалі яго на прастату і даступнасць, а таму высока ацэньваўся «Юнацкі свет», сурова ўпікалі за «Аманал» і «Крыўду». Падабаліся паэма «У зялёнай дуброве» з яе святочна-мажорным ладам, лёгкадумнай павярхоўнасцю і «Дзённік брыгадзіра», насычаны фактаграфізмам, таннай жартаўлівасцю («Засмаж гэтага апартуніста»). Не тое ў «Аманале»; там героі настолькі абагульненыя, што выступаюць без імён, а з абазначэннем іх сацыяльнай функцыі: Гандляр, Настаўнік, Юнак, Інжынер. Гутараць яны неяк ненатуральна. Інжынер, напрыклад, занадта рамантызавана: «Вось вы ядзіце і, можа, больш не пабачыце ніколі, як над радзімай рассыпаецца дожджык дробны, як пасуцца мірныя, рыжыя коні». I яшчэ раз паўторыць: «Цяпер вы не ўгледзіце, як пасуцца на радзіме рыжыя коні». «Таварыш, нам усюды будзе добра», – заяўляе Калужны.

Бракавала індывідуалізацыі, псіхалагізму, дакладнай распрацоўкі характараў. Няма жывых людзей з плоццю і кроўю, са сваімі імёнамі, сваёй біяграфіяй. Больш канкрэтызаваны бухгалтар Жыгнер, які рознымі хітрыкамі імкнецца разваліць калгас, пусціў чутку, што трактары заменяць электрычнымі плугамі, і падбухторваў калгаснікаў не ісці на працу, імкнуўся спаіць іх. Праўда, паказ дзеянняў кулака па-юнацку наіўны, просталінейны. Крытыка як адмоўнае адзначала тое, што сцэна суда над шкоднікам Жыгнерам і сімвалічнае шэсце ласёў набылі «адцягнена-сімвалічную афарбоўку» (Гісторыя беларускай савецкай літаратуры, с. 317). Аднак, думаецца, што гэтыя сцэны самыя ўдалыя, а шэсце ласёў надае паэме рамантызаваны лірызм, узнёслую настраёвасць. Шкодзіць рассыпанасць частак, вобразаў, празмернасць жахаў, сімвалаў, вар’ятаў (Аўгінькі і Настаўніка), наіўнасць размоў (напрыклад, Юнака з Гандляром), прасцяцкасць вобразаў і ўчынкаў (Аўгінька начыталася Шылера і спрабуе нібыта атруціць свайго мужа, старшыню калгаса Якубовіча). Якубу Коласу ў той жа час кінуўся ў вочы схематызм у паэме: «жывых, рэальных людзей... не адчуваецца. Яны бледныя і нетыповыя, часамі хваравітыя». Аднак у цэлым Колас прыхільна паставіўся да аўтара, заўважыў і ацаніў яго талент.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page