top of page

ТВОРЧАСЦЬ

ЛІТАРАТУРНА-КРЫТЫЧНЫЯ
АРТЫКУЛЫ

1978 ...........................................

С. Гаўрусёў
БЕСЯДЗЬ ПЛЫВЕ Ў АКІЯН

 

Сцвярджаюць – каб лепш зразумець паэта, неабходна наведаць яго Бацькаўшчыну. Мабыць, гэта занадта катэгарычнае меркаванне. Я ніколі не быў у куляшоўскіх мясцінах, але ў мяне такое адчуванне, быццам я ведаю іх гэтак жа добра, як і сцежкі свайго маленства. Справа, відаць, не толькі ў тым, што мы землякі. Паэзія Аркадзя Куляшова настолькі поўная гукаў і фарбаў роднай зямлі, што ўсё, пра што б ён ні пісаў, мы ўспрымаем амаль зрокава. Пры першым знаёмстве з яго творчасцю на мяне неадольна і магутна павеяла чмяліным гудам і мядовым водарам грэчкі, душным цветам калакалушы і ранішняй свежасцю росных лугоў. Мне стала блізкім і зразумелым яго камсамольскае юнацтва, вельмі падобнае на юнацтва маіх старэйшых братоў.

Вытокам свайго натхнення паэт падкрэслена называе Бесядзь – невялікую раку на ўсходняй мяжы Магілёўшчыны. Колькі разоў сустракаецца гэта назва ў ягоных вершах і паэмах! Гэта свайго роду тапаграфічная прывязка да канкрэтнай мясцовасці. Але ці мала мы можам згадаць іншых аўтараў, што паэтызавалі блізкія з дзяцінства рэчкі і азёры, але не пакінулі прыкметнага следу ў літаратуры. У Куляшова прынцыпова іншы падыход. Кожную рэч, што трапляе ў поле яго зроку, ён стараецца як бы асвятліць знутры, выявіць затоены сэнс. Так сталася і з праграмным вершам «Мая Бесядзь», у аснову якога пакладзена народнае паданне, як некалі птушкі стварылі рэкі. I толькі бесклапотная каня не прымала ўдзелу ў гэтай справе, таму «і лятае яна над рэкамі і просіць піць аж да сённяшніх дзён», жыве «кропляй дажджу з лесавога лістка». Паэт не згодны на такія спажывецкія адносіны да жыцця і «пад кпіны аматараў лёгкае славы капае рэчышча ўласнай ракі». Няхай яна будзе «не Волгай магутнаю, не нават Камаю, хоць Бесяддзю, што на радзіме маёй».

Я не знаўца этымалогіі, але ў самой назве ракі мроіцца як бы запрашэнне да гасціннага сяброўскага застолля, да сардэчнай зямляцкай гутаркі. (Цікава адзначыць, што гэты верш напісаны ў той час, калі ствараўся шырокавядомы цыкл «Юнацкі свет», але паэт вярнуўся да яго дапрацоўкі пасля вайны, ужо будучы аўтарам выдатных вершаў і паэм ваеннага часу. Значыць, ён лічыў яго надзвычай важным для сваёй творчасці).

Мастак павінен адчуваць свае магчымасці і сувымяраць іх з пастаўленай задачай. Тады ж, перад вайной, паэт сказаў гордыя словы:

Хачу неспакойнаю хмарай грымець,

Маланкамі ўвесь апавіты,

Каб цяжка адразу было зразумець

Ці вокам акінуць, які ты.

I заставаўся ім верны да канца. Ён лічыў неабходным умець «адарвацца ад самога сябе». Вось гэта здольнасць пераўвасаблення – на кожным гістарычным этапе – і была адметнай рысай творчасці Куляшова. Пачаўшы друкавацца ў дванаццаць год, ён рана зразумеў, што без смелых эксперыментаў не сказаць свайго слова ў літаратуры. У юнацкіх цыклах ён шырока карыстаецца размоўнымі інтанацыямі, празаізмамі, рызыкоўнай рыфмоўкай. Найбольш яскрава гэта выявілася ў паэме «Аманал» – рэчы не зусім дасканалай, але па-свойму наватарскай. У другой палове трыццатых гадоў ён прыходзіць да класічнай яснасці і прастаты. Паэт сам прызнаваў і велізарны ўплыў на свой творчы лёс «Краіны Муравіі» Аляксандра Твардоўскага. Можна дапусціць з высокай верагоднасцю, што для яго не прайшоў бясследна і ляўкоўскі цыкл Янкі Купалы. Як бы там ні было, да вайны ўжо трывала выпрацоўваўся той стыль, які мы цяпер па праву называем куляшоўскім. I вялікае выпрабаванне, што выпала на долю народа, паэт сустрэў ва ўсеўзбраенні майстэрства. Многа сказана пра этапныя рэчы Аркадзя Куляшова ваенных год, даводзілася пра гэта гаварыць і мне. Каб не паўтарацца, спынюся на адной характэрнай рысе.

Азнаямленчы фрагмент артыкула. Спампаваць поўны тэкст

 

bottom of page